Чарговыя парламенцкія выбары ў Германіі прайшлі 26 верасня 2021 года. Выбраныя па іх выніках дэпутаты Бундэстагу 20-га склікання абяруць новага федэральнага канцлера[1][2]. Першае пасяджэнне новага Бундэстагу можа адбыцца 26 кастрычніка[3].
Упершыню з 2005 года Ангела Меркель (ХДС / ХСС), якая займала пасаду кіраўніка германскага Кабміна на працягу 16 гадоў, не прэтэндуе на новы тэрмін[4][5].
Папярэднія выбары
Выбары 2017 года адбыліся пасля чатырохгадовай вялікай кааліцыі між партыямі ХДС/ХСС і СДПГ. Нягледзячы на тое, што ХДС/ХСС заставалася найбуйнейшай парламенцкай групай, яны разам з СДПГ панеслі значныя страты на выбарах. Лідар сацыял-дэмакратаў Марцін Шульц, прызнаючы нездавальняючыя вынікі выбараў пасля чатырох гадоў знаходжання ва ўрадзе (партыя атрымала найгоршыя з 1949 года вынікі[6]), абвясціў пра пераход партыі ў апазіцыю[7]. Паколькі кааліцыя ХДС/ХСС не магла супрацоўнічаць ні з АдГ, ні з Левымі з-за прынцыповых адрозненняў у ідэалогіях, адзіным магчымым варыянтам фарміравання ўрада была так званая Ямайская кааліцыя[en], якая складалася з ХДС/ХСС, СвДП і Зялёных[8][9][10]. Перамовы паміж партыямі працягваліся амаль пяць тыдняў, а 20 лістапада СвДП выйшла з перамоваў, паколькі не змагла вырашыць супярэчнасці, праблемы і канфлікты, якія існавалі паміж партыямі[11]. Федэральны прэзідэнт ГерманііФранк-Вальтэр Штайнмаер заклікаў партыі, якія ўвайшлі ў новы бундэстаг, сесці за стол перамоваў, каб пазбегнуць правядзення новых выбараў[12].
Сацыял-дэмакраты на чале з Марцінам Шульцам заявілі пра гатоўнасць прыняць удзел у перамовах па фарміраванні новага кааліцыйнага ўрада з ХДС/ХСС[13]. У снежні 2017 года партыйны з’езд СДПГ прагаласаваў за пачатак пробных перамоваў[14]. На партыйным кангрэсе ў студзені 2018 года большасцю галасоў дэлегаты партыі падтрымалі правядзенне кааліцыйных перамоваў[15]. 26 лютага ХДС падтрымала «вялікую кааліцыю» з сацыял-дэмакратамі[16]. Больш за 463 тыс. членаў СДПГ з 20 лютага да 2 сакавіка прагаласавалі за кааліцыйнае пагадненне з ХДС/ХСС, вынікі былі апублікаваныя 4 сакавіка[6]. Усяго ў галасаванні прынялі ўдзел 78% дэпутатаў, з якіх 66% прагаласавалі за фармаванне новага кааліцыйнага ўрада[17]. 12 сакавіка 2018 года лідары партый ХДС, ХСС і СДПГ падпісалі пагадненне аб стварэнні кааліцыйнага ўрада[18]. 14 сакавіка 2018 года Бундэстаг абраў Меркель канцлерам, гэта яе чацвёрты тэрмін на дадзенай пасадзе. 364 члены Бундэстага прагаласавалі «за», 315 — «супраць», 9 устрымаліся, 4 галасы былі нядзеючымі, аднак галасоў было на 9 больш за 355 неабходных для большасці[19][20][21].
Быў сфарміраваны новы, чацвёрты ўрад Ангелы Меркель.
Асноўныя кандыдаты
У студзені 2021 года партыю ХДС узначаліў прэм’ер-міністр зямлі Паўночны Рэйн-ВестфаліяАрмін Лашэт[22]. Аднак, пра гатоўнасць балатавацца на канцлерскую пасаду ад блоку ХДС/ХСС абвясцілі два кандыдаты — Лашэт, а таксама прэм’ер-міністр Баварыі і старшыня партыі Хрысціянска-сацыяльны саюз з 2019 года Маркус Зёдэр[23][24]. Традыцыйна кандыдатам ад блоку з’яўляецца лідар ХДС як старэйшай партыі, але Зёдэр больш папулярны ў краіне, чым Лашэт, і на фоне значнага падзення рэйтынгаў ХДС мог стаць лепшым кандыдатам[25][26]. Кандыдата на канцлерскую пасаду вызначаў ХДС[27], праўленне якога прыняла рашэнне аб вылучэнні Лашэта ў якасці кандыдата ў канцлеры ад блока ХДС-ХСС. За яго прагаласавала 77,5% савета партыі — 31 член, за Зёдэра — 9[28].
У жніўні 2020 года па прапанове сустаршыняў партыі Саскіі Эскен і Норберта Вальтэра-Бор’янса СДПГ намінавала віцэ-канцлера і міністра фінансаў Германіі з 2018 года Олафа Шольца[29]. У маі 2021 года на віртуальным з’ездзе дэлегаты партыі прынялі перадвыбарчую праграму і афіцыйна зацвердзілі яго ў якасці кандыдата на пасаду канцлера. За такое рашэнне прагаласавалі 96,2% дэлегатаў: 513 прагаласавалі «за», 20 — «супраць», 12 — устрымаліся[30].
У красавіку 2021 года партыя Саюз 90/Зялёныя абвясціла аб вылучэнні сустаршыні партыі Аналены Бербак кандыдатам у канцлеры[31]. На партыйным анлайн-з’ездзе ў чэрвені 2021 года Бербак была афіцыйна вылучана кандыдатам у канцлеры, прычым 678 з 688 дэлегатаў падтрымалі яе кандыдатуру. Партыйныя спісы разам з ёй узначаліў сустаршыня партыі Роберт Хабек[32].
Выбарчая сістэма
У Германіі выкарыстоўваецца прапарцыйная выбарчая сістэма.
Выбаршчыкі атрымліваюць па адным бюлетэні, але маюць два галасы: першы можа быць аддадзены за абранага кандыдата ў аднамандатнай акрузе, а другі — за партыйны спіс. Агулам Германія падзелена на 299 выбарчых акруг, кожная з якіх абірае простай большасцю галасоў свайго дэпутата ў Бундэстаг. Першым голасам (левая калонка) абіраюцца прамыя мандаты, якія складаюць палову колькасці дэпутатаў Бундэстага — 299 дэпутатаў з 598[33][34].
Другі голас (правая калонка) больш важны, паколькі ім выбаршчык абірае партыю, а не канкрэтную асобу. Ён вызначае, колькі месцаў атрымае кожная партыя. Вынікі гэтага галасавання маюць вырашальнае значэнне, паколькі яны вызначаюць адсотак месцаў у ніжнім парламенце, які, ў сваю чаргу, галасуе пры выбары канцлера. Парог складае 5%. Кожная партыя, прадстаўленая на выбарах, мае свой спіс у кожнай федэральнай зямлі. За гэтыя спісы выбаршчыкі галасуюць другім голасам. Сума гэтых другіх галасоў вырашае, якія партыі будуць прадстаўлены ў парламенце. У адносінах да сапраўдных (дзеючых) другіх галасоў вызначаецца доля дэпутацкіх мандатаў, якая прыпадае на тую ці іншую партыю. Затым ад агульных мандатаў адымаецца колькасць прамых, якія партыя ўжо атрымала, а астатнія месцы размяркоўваюцца паміж кандыдатамі ў партыйных спісах[33][35][34].
Ёсць таксама дадатковыя мандаты. Калі адна з партый па мажарытарнай сістэме атрымлівае больш месцаў, чым па прапарцыйнай, яна атрымлівае дадатковыя месцы ў Бундэстагу. Раней вялікія партыі мелі бонус большай колькасці парламентарыяў. Для захавання прапорцыі, атрыманай за дапамогай другіх галасоў, пачынаючы з 2013 года іншым партыям даюць дадатковыя мандаты, якія гэта кампенсуюць[33][36].
Апытанні
Вынікі
Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ) з невялікай перавагай перамагла на выбарах[37].