Палац Шарлотэнбург (ням.: Schloss Charlottenburg) — адзін з найбольш вытанчаных прыкладаў архітэктуры барока ў Германіі. Размешчаны ў аднайменным раёнеБерліна. Палац быў пабудаваны па загаду жонкі Фрыдрыха I, каралевы Сафіі Шарлоты. Першапачаткова палац насіў назву Літцэнбург (ням.: Lietzenburg) і быў летняй рэзідэнцыяй, але паступова разросся ў масіўнае збудаванне. Галоўны ўваход у замак мае 48-мятровы купал, увянчаны пазалочанай статуяй Фартуны.
У галоўным крыле палаца размяшчаюцца апартаменты Фрыдрыха. Асаблівую цікавасць уяўляе зала прыёмаў — велізарнае памяшканне з высокімі скляпеннямі, нішамі і барэльефамі. У самым канцы заходняга крыла знаходзіцца фарфоравая зала, якая змяшчае выдатны збор кітайскага фарфору.
У заходнім крыле палаца размешчана Вялікая аранжарэя, пабудаваная ў 1709—1712 гадах. Узімку ў ёй выстаўляліся рэдкія расліны, а ў летнія месяцы ў яе двары праводзіліся святочныя прадстаўленні. Разбураная падчас Другой сусветнай вайны, яна была цалкам рэканструявана і цяпер служыць месцам правядзення ўрачыстых вечароў і канцэртаў.
З усходняга боку замка размяшчаецца летні домік ў італьянскім стылі — павільён Шынкеля (ням.: Schinkel Pavillon). Карл Фрыдрых Шынкель, вядучы архітэктар таго часу, пабудаваў гэты дом у 1825 годзе. Сёння тут знаходзіцца невялікі, але варты наведвання музей, дзе выстаўлены малюнкі і накіды мастакоў ранніх 1800-х гадоў. Некаторыя замалёўкі былі выкананы самім Шынкелем.