Царква Святога Мікалая (ням.: Nikolaikirche) — найстаражытнейшая царква Берліна. Размешчана ў гістарычным квартале Святога Мікалая (Нікалаіфіртэль). У наш час царква з’яўляецца філіялам Брандэнбургскага музея ў складзе Фонду гарадскога музея Берліна, дзе таксама рэгулярна праводзяцца канцэрты.
Гісторыя
Нікалаікірхэ, пабудаваная ў 1220—1230 гадах, уяўляла сабой трохнефную крыжападобную базіліку з прыроднага каменя і прысвечана Мікалаю Цудатворцу.
У XIII стагоддзі царква была перабудавана ў гатычную зальную царкву. У 1461 годзе гільдыя берлінскіх пекараў, якая адносілася ў Сярэднявеччы да ліку чатырох заможных саслоўяў, замовіла для царквы алтар і абавязалася выплачваць гадавую рэнту царкоўнаму служцы.
Асіметрычнае аблічча з адной вежай царква Святога Мікалая захоўвала аж да канца XIX ст. Падчас капітальнай рэканструкцыі царквы ў 1876—1878 гг. пад кіраўніцтвам Германа Бланкенштайна царква абзавялася неагатычным фасадам з дзвюма вежамі.
У 1938 годзе царква перайшла ва ўласнасць дзяржавы, і з гэтага часу ў ёй больш не праходзілі службы. Вернікі царквы перайшлі ў суседнюю Марыенкірхэ. У Марыенкірхэ таксама знаходзяцца шматлікія каштоўныя творы мастацтва з царквы Св. Мікалая.
Падчас Другой сусветнай вайны ад царквы Св. Мікалая засталіся толькі сцены. Аднаўленне царквы з дзвюма вежамі па старых малюнках і планах пачалося ў 1981 годзе. У наш час царква служыць музеем і канцэртнай залай. Цудоўная акустыка царквы Св. Мікалая высока ацэньваецца знаўцамі. Падчас рэканструкцыі ў 1981 года ў вежы былі ўсталяваны куранты з 41 званом. Пастаянная выстаўка ў царкве распавядае пра гісторыю збудавання і асоб, звязаных з ёй.
Літаратура
Ernst Badstübner: Berlin Nikolaikirche. E. A. Seemann, Leipzig 1991. ISBN 3-363-00485-0.
Ernst Badstübner: Nikolaikirche — Nikolaiviertel — Berlin. Schnell & Steiner, Regensburg 1999. ISBN 3-7954-6173-8 (formal falsche ISBN).
Matthias Barth: Romanik und Gotik in Brandenburg und Berlin — Architektur und Baudekor des Mittelalters. Bergstadtverlag, Würzburg 2009