Назва найімаверней гідранімічнага паходжання. Праз Налібакі працякае нёманская рэчка Налібаўка (< *Наліба).
Звязаная з балцкім гідранімічным коранем Nal-, ад якога назва літоўскага возера Nalija, балота Nal-raistis, балцкай назвай з-пад Ноўгарада*Nolia / Nolė. Далей да індаеўрапейскага *(s)na- «цячы», пашыранага пашыральнікам -l-[2].
Корань Nal- пашыраны пашыральнікам -b-, які выкарыстоўваецца ў літоўскім словаўтварэнні (kan-ėti «бедаваць, мучыцца» — kan-yb-a «ссохлік, заморак»)[3].
З-пад Налібакаў таксама выцякае рака з балцкай назвай Лебяжода («Павольная плынь», ад каранёў leb- «гультаяваць», žad- «цурчэць; плысці»).
Згодна з іншай версіяй, тапонім «Налі́бакі»[4] ўтварыўся ад прозвішча «Малібог»[5].
Станам на 1727 год у мястэчку 62 двары. З 1720-х гадоў працавала Налібоцкая шкляная мануфактура, створаная на высокім для таго часу тэхнічным узроўні.
На 1757 год — 83 двары, карчма. Налібакі былі цэнтрам лавецтва (тэрытарыяльнай адзінкі ўладанняў Радзівілаў), якое ахоплівала значныя лясныя абшары на тэрыторыі Верхняга Панямоння[6].
У 1830 годзе паблізу мястэчка заснавана рудня, у 1852 годзе металургічная вытворчасць складалася з Руднянскага і Клецішчанскага заводаў. У розны час вырабляліся чыгуначныя рэйкі, паласавое, шыннае, чатырохграннае і круглае жалеза. У 1852 годзе было 3 домны, пракатны стан, 5 паравых машын, 8 пудлінгавых печаў, 4 ліцейні. У 1854 годзе працавала 218 рабочых, выраблена 500 тыс. пудоў чыгуну, у 1858 годзе — 561 рабочы, выраблена 80 тыс. пудоў жалеза. Паводле аб’ёму прадукцыі Налібацкі металургічны камбінат у 1852—1857 гадах займаў 1-е месца на Беларусі і быў адным з буйных металургічных прадпрыемстваў Расійскай імперыі.
У другой палове XIX стагоддзя Налібакі перайшлі да Вітгенштэйнаў, з 1881 года — да Гагенлоэ. Паводле вынікаў перапісу (1897) 224 двары, касцёл, малітоўны дом, 2 школы, бальніца, валасны суд, карчма.
З 1939 года Налібакі ў складзе БССР, вёска, з 12 кастрычніка1940 года — цэнтр сельсавета.
У гады Другой сусветнай вайны, 8 мая 1943 года савецкія партызаны забілі ў Налібаках 128 чалавек, у т.л. трох жанчын, некалькі падлеткаў і дзесяцігадовае дзіця[7][8]. Пазней забітых у Налібаках, называлі «контррэвалюцыйнымі элементамі — паліцаямі і шпіёнамі»[9]. У 2001 годзе польскі Інстытут нацыянальнай памяці абвінаваціў некаторых удзельнікаў атрада братоў Бельскіх ў гэтай разні. Сын аднаго з братоў і некаторыя жывыя яшчэ партызаны Бельскіх сцвярджалі, што іх атрад не меў дачынення да гэтага, а тым днём быў за 100 км ад мястэчка[10].
Падчас карнай аперацыі «Герман» 8 жніўня 1943 года Налібакі спалены нямецкімі акупантамі, забіты ксяндзы Борадын і Бойка.
Мястэчка на старых здымках
Стары касцёл у 1900 годзе
Палац у 1900 годзе
Будоўля новага касцёла, 1937 год
Адміністрацыя гміны ў 1930-я гады
Насельніцтва
XIX стагоддзе: 1869 год — 165 чал.[11]; 1897 год — 1519 чал.
XX стагоддзе: 1901 год — 1789 чал.; 1921—515 чал.[12]; 1997 год — 743 чал.; 1998 год — 240 двароў.
Інфраструктура
У Налібаках працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, дом культуры.
Джон Мішук (Ян Мішук, нар. 1940) — канадскі хакеіст, першы хакеіст з Беларусі ў НХЛ.
Саламон Разоўскі (1879—1924) — савецкі рэвалюцыйны і палітычны дзеяч.
Язэп Фарботка (1893—1956) — беларускі паэт, літаратуразнавец, перакладчык, удзельнік грамадска-палітычнага руху.
Крыніцы
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Налібо́кі
↑A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 223.
↑P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 92.
↑Крывашэеў Дз. Налібоцкая пушча князёў Радзівілаў у XVI—XVIII стст.: фармаванне тэрыторыі, адміністрацыя і службоўцы // Верхняе Панямонне. — Мінск: І. П. Логвінаў. — Вып. 1. — 2012. — С. 34
↑Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 380.
↑Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część I: Województwo Nowogródzkie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.