У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Лебедзеў.
Мікалай Іванавіч Ле́бедзеў[2] (руск.: Николай Иванович Лебедев; 6 студзеня 1919 — 9 лістапада 1985) — вучоны ў галіне эпідэміялогіі, доктар медыцынскіх навук (1973), прафесар (1974).
Біяграфія
Нарадзіўся ў вёсцы Гнілаўка Асташкаўскага павета Цвярская губерня РСФСР. Скончыў няпоўную сярэднюю школу і ў 1939 годзе фельчарска-акушэрскую школу ў Вышнім Валачку. Загадваў фельчарскім пунктам ў вёсцы Вязавая Асташкаўскага раёна Калінінскай вобласці. У 1939 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. У час Савецка-фінляндскай вайны 1939—1940 гг. — фельчар стралковага палка. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны: фельчар палкавога медыцынскага пункта 273-га стралковага палка, старшы фельчар 276-га асобнага (сапёрнага) батальёна[3]. У 1945—1947 гг. — старшы фельчар аўтарамонтнага батальёна[4]. Удзельнік баявых дзеянняў на Карэльскім, 2-м Украінскім і 3-м Украінскім франтах, вызвалення Аўстрыі, Венгрыі, Румыніі, Югаславіі[3]. Быў паранены і кантужаны.
Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе М. І. Лебедзеў загадваў санітарна-эпідэміялагічнай станцыяй у Балагоеўскім раёне Калінінскай вобласці[4]. Паступіў на лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута, які скончыў у 1953 годзе і быў накіраваны загадчыкам раённым аддзелам аховы здароўя і адначасова ўрачом-інфекцыяністам раённай бальніцы ў гарадскі пасёлак Рудзенск (Рудзенскі раён Мінскай вобласці)[4]. З 1954 года М. І. Лебедзеў у Мінскім медыцынскім інстытуце. У 1957 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Клинико-эпидемиологическая характеристика скарлатины в г. Минске за последние годы», у 1973 годзе — доктарскую на тэму «Эпидемиология и нозогеография сальмонеллезов в БССР»[3].
Памёр М. І. Лебедзеў 9 лістапада 1985 г. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску[3].
Навуковая і грамадская дзейнасць
М. І. Лебедзеву належаць навуковыя працы па праблемах сальманелёзу, пытаннях эпідэміялогіі. Аўтар больш за 80 навуковых прац[4]. Кіраўнік падрыхтоўкі 3-х кандыдацкіх дысертацый. Член Рэспубліканскага навуковага таварыства мікрабіёлагаў, эпідэміёлагаў і паразітолагаў. Быў членам Рэспубліканскай праблемнай камісіі «Эпідэміялогія паразіталогія і інфекцыйныя хваробы», рэдакцыйнай калегіі выдання «Журнал микробиологии, эпидемиологии и иммунобиологии»[4].
Сярод апублікаванага:
- Эпидемиология и нозогеография сальмонеллезов в БССР, 1971;
- Профилактические мероприятия при сальмонеллезах и их оценка, 1972 (у сааўтарстве);
- Манаграфія «Сальмонеллезы. Эпидемиология, клиника и профилактика», 1980;
- Сравнительная оценка инвазивных свойств различных штаммов S. typhimurium, 1980 (у сааўтарстве).
Узнагароды
Узнагароджаны трыма баявымі ордэнамі, медалямі, у тым ліку баявымі[4]. Сярод іх: Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені (1944), ордэн Чырвонай Зоркі (1945)[3].
Зноскі
Літаратура
Спасылкі