Мадх'я-Прадэш (англ.: Madhya Pradesh з хіндзі: «мадх'я» — цэнтральны, «прадэш» — вобласць, рэгіён), штат у цэнтральнай частцы Індыі. Гранічыць са штатамі Утар-Прадэш на паўночным усходзе, Чхатысгарх на ўсходзе, Махараштра на поўдні, Гуджарат на захадзе і Раджастхан на паўночным захадзе. Займае другое месца сярод штатаў па плошчы (308 144 км2) і 7-е па насельніцтву (60,4 млн. чалавек, 2001). Адміністрацыйны цэнтр — Бхапал. Буйныя гарады: Джабалпур, Індаур, Гваліёр.
Геаграфія
Да выдзялення з яго складу ў 2000 штата Чхатысгарх, Мадх'я-Прадэш быў буйнейшым па плошчы штатам у краіне.
Клімат субтрапічны, тры сезоны: сухое гарачае лета (красавік—чэрвень), перыяд мусонных дажджоў (ліпень—верасень), адносна сухая зіма.
Гісторыя
З 321 па 185 да н.э. тэрыторыя штата ўваходзіла ў склад імперыі Маур'яў. З 4 стагоддзя н.э. — пад уладай дынастыі Гуптаў. Пасля перыяду феадальнай раздробленасці паўночная частка гэтай тэрыторыі ў 13 стагоддзі перайшла пад кантроль Дэлійскага султаната.
У сярэдзіне 16 стагоддзя большая частка тэрыторыі штата ўвайшла ў склад імперыі Вялікіх Маголаў. З аслабленнем апошняй уладарамі краю сталі плямёны маратхаў (продкі сучаснага насельніцтва штата Махараштра). У выніку трох англа-маратхскіх войн 1775—1818 іх змянілі англічане.