Лука́нія, (лац.: Lucania, грэч.Λευκανία) — гістарычная вобласць старажытнай Італіі паміж Кампаніяй, Самніем і Апуліяй з поўначы і Бруціем з поўдня. Была населена луканцамі, якія прыйшлі ў гэты край у пачатку V ст. да н.э.
Каб замацавацца тут, луканцы мусілі працяглы час змагацца с грэкамі з Паўднёвай Італіі, якія мелі свае калоніі на ўзбярэжжы. Канчатковай у гэтай барацьбе была бітва пры Лаусе ў 390 г. да н.э., перамога ў якой здабылі луканцы.
Назва луканцаў паходзіць ад вапнянай пароды бела-серага колеру (грэч.: λευκός - светлы), якой шмат у Апенінскіх адрогах, што пакрываюць усю тэрыторыю Луканіі.
Вобласць багата выдатнымі лугамі і шматлікімі рэкамі, што абумовіла тут шырокае развіццё жавёлагадоўлі.
У 272 г. Луканія была заваявана рымлянамі. Войны III ст. да н.э. ператварылі рэгіён з заможнага і буйнанаселенага ў збяднелы і абязлюджаны.
У наш час тэрыторыя Луканіі адносіцца да адмінстратыўнага рэгіёну Базіліката.
Дарэчы, з 1799 па 1820 гг. і з 1932 па 1947 гг. Базіліката насіла назву Луканія.