У 1534 годзе ваявода віленскіАльбрэхт Гаштольд прафінансаваў новы драўляны касцёл у гонар Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, гэтую назву ён носіць і дагэтуль.
Драўляныя святыні змянялі адна адну на працягу стагоддзяў, пакуль з пачаткам ХХ ст. вернікі на чале з тагачасным пробашчам кс. Паўлам Сухоцкім не вырашылі пабудаваць тут ужо каменны касцёл. У 1900 годзе касцёл быў закладзены і ў 1905 пабудаваны ў неагатычным стылі з жоўтай вонкавай цэглы. Новазбудаваны касцёл быў кансэкраваны ў 1928 віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім пад гістарычным тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
II сусветная вайна была цяжкім перыядам для трабскай парафіі. У 1940 годзе быў закатаваны злачынцамі ксёндз Вацлаў Родзька, які быў пахаваны пры касцёле. Яго паслядоўніка кс. Станіслава Зубкевіча расстралялі гітлераўцы ў 1941 годзе.
Іншы настаяцель кс. Раман Місевіч закатаваны савецкімі партызанамі і памёр 12 верасня 1943 года. Кс. Францішак Цыбульскі расстраляны немцамі як закладнік 10 сакавіка 1943 года ў Лідзе і пахаваны на лідскіх могілках у раёне Слабодка. Кс. Пятра Араньскага забілі савецкія ў 1944, і ён быў пахаваны ў Гальшанах.
Архітэктура
Касцёл знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Двухвежавы прамавугольны ў плане храм з пяціграннай апсідай і невялікім трансептам. Асноўны аб'ём накрыты двухсхільным дахам, трох'ярусныя вежы — высокімі шатрамі. Крылы трансепта прылягаюць адначасова да асноўнага аб'ёму і апсіды, накрыты двухсхільнымі дахамі, якія з трох бакоў закрыты шчытамі. Сцены рытмічна расчлянёны контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Унутры касцёл падзелены слупамі на тры нефы. Цэнтральны перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі[2].
Тэрыторыя касцёла абнесена бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох цагляных неагатычных слупкоў-пінакляў.
Інтэр’ер
У інтэр’еры трабскага касцёла знаходзяцца тры двух’ярусныя разьбяныя (цёмнае дрэва з пазалочанымі элементамі) алтары ў неагатычным стылі. Галоўны алтар уяўляе сабою трыфорыумную карункавую кампазіцыю, у цэнтры якой змешчаны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езус, упрыгожаны пазалочанай шатай з каронамі, адзначаны вотамі. У бакавых спічастых нішах змешчаны паліхромныя фігуры святых апосталаў Пятра і Паўла. У другім ярусе алтара знаходзіцца абраз св. Казіміра. Бакавыя алтары ўсталяваны ў тарцах наваў. У цэнтры левага бакавога алтара змешчаны абраз Укрыжавання, а ў другім ярусе – П’ета. У цэнтры правага алтара знаходзіцца абраз св. Антонія ў пазалочанай шаце, а наверсе – абраз св. Францішка з Асізі.
Над уваходам на дзвюх апорах размяшчаюцца хоры з арганам. Крыпты пад касцёлам няма.
Вядомыя асобы
Некаторы час ксяндзом у касцёле працаваў Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), беларускі каталіцкі святар, паэт. У Трабах ён пачаў гаварыць касцельныя казанні па-беларуску.
↑ абЛазука Б.А.Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 344. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.