У канцы XVI ст. быў заснаваны касцёл Святой Троіцы, мяркуецца, што ён уваходзіў у кляштарны комплекс кармелітаў. У 1615—1617 гадах перабудаваны ў камені, пасля неаднаразова быў рэканструяваны і рамантаваны. У 1768 і 1787 гадах да храма былі дабудаваныя дзве капліцы: Св. Крыжа і Св. Барбары. У 1780-я храм быў перабудаваны паводле праекта запрошанага з Саксоніі архітэктара Яна Самуэля Бекера, набыўшы рысы «барочнага класіцызму». У 1850 і 1891 адбываліся рамонты. За савецкім часам набажэнствы ў касцёле не перапыняліся.
Архітэктура
Аднанефавы храм з паўкруглай апсідай і 4-яруснай вежай пры ўваходзе. Ніжні ярус вежы — васьмярык на чацверыку, астатнія васьмігранныя, танчэйшыя да верху, пакрытыя стромкім шатром. Ярусы аддзелены прафіляванымі карнізамі, дэкараваныя плоскімі нішамі і скразнымі арачнымі праёмамі.
Масіўныя сцены нефа знадворку ўмацаваныя контрфорсамі, па яго баках знаходзяцца капліцы. Неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, капліцы і сакрысціі — крыжовымі скляпеннямі, апсіда — конхавым з падпружнай аркай. Скляпеннепрэсбітэрыя ўмацаванае падпружнымі аркамі.
Інтэр’ер храма багата ўпрыгожаны архітэктурнай пластыкай, скульптурай і жывапісам. Скляпенні ўпрыгожаныя сюжэтнымі і дэкаратыўнымі кампазіцыямі на евангельскія тэмы. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляе каваная рашотка, прывезеная з колішняга касцёла ў Юдзінавічах. Акрамя звіваў, валют і кветак, яе кампазіцыя змяшчае таксама манаграмыфундатара касцёла Льва Сапегі.
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X. С. 93-95.
Zbigniew Hauser. Nowy ilustrowany przewodnik po zabytkach kultury na Białorusi. — Warszawa, 2005. — ISBN 83-87654-25-6.
Michał Marczak. Przewodnik po Polesiu. — Brześć nad Bugiem (reprint: Lublin): reprint: Fundacja Pomocy Szkołom Polskim na Wschodzie im. Tadeusza Goniewicza, 1935 (reprint: 2008).