Жыварэ́зка, Сянна́ (у верхнім цячэнні) — рака ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Лахва (басейн Дняпра).
Назва
Назва Сянна балцкага паходжання.
Такога ж паходжання і назва другой ракі Сянна (на Пасожжы ля Чэрыкава), ракі Сенета (прыток Жыздры на Верхнім Павоччы), возера Сенніца (у вярхах ракі Ловаць).
Гэтыя назвы паходзяць ад балцкага гідранімічнага кораня Sain-[2]. Балцкія аналагі — літоўскія Sainas, Seina, прускія Sayn, Seynicz. Звязана з літоўскім at-sainus «павольны, неахайны, лянівы»[3]. Далей да аднаго са значэнняў індаеўрапейскага *sei- : si- «слабець; вялы, слабы, лянівы; апускацца, пагружацца» (> «ціхі, спакойны»)[4].
Ад кораня Sin-, які з’яўляецца варыянтам кораня Sain-, паходзяць рачныя назвы Сінія (прыток бярэзінскай Свіслачы), *Сін-пала (на Верхнім Падняпроўі)[5], *Сін-бала (на Верхнім Павоччы). Апошнія дзве значаць «Павольная балацінная (рака)». Паблізу ракі *Сін-бала працякае ручай «Ленивой», назва якога калькіруе значэнне першай асновы ў назве[6].
Такая ж матывацыя і ў назвах прыпяцкай ракі Лебажода «Павольная рака» (першая аснова назвы ад літоўскага lebti «гультаяваць», lebeda «гультай, цямця-лямця»), нёманскай ракі Лебяда.
Корань аформлены з падваеннем -нн- таксама ў назвах рэк Лонна (тройчы на Падзвінні), Клінна (прыток сожскай Іпуці).
Значэнне рачной назвы Сянна можна перадаць як «Ціхая (рака)».
Гідраграфія
Даўжыня ракі 20 км. Плошча вадазбору 138 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 1,3 м/км. Пачынаецца на паўночнай ускраіне вёскі Куты, вусце за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі Капейна. Прытокі: Альхоўка (злева), Лучанка (справа).
Крыніцы
- ↑ Ліст карты N-36-73. Выданне 1979 г. (руск.)
- ↑ B. H. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. II // Балто-славянские исследования. 1987. Москва, 1989. С. 47.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 293—294.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 890—891.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 207.
- ↑ B. H. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. II // Балто-славянские исследования. 1987. Москва, 1989. С. 65.
Літаратура
Спасылкі