Назва балцкага (магчыма, балцка-яцвяжскага) паходжання. Той жа корань у прускай рачной назве Nyc-ape (пруск. ape "рака").
Корань звязаны з латышскім nikns "злы", naiks "страшны, злы, люты; шпаркі, імклівы, моцны (пра хвалі)"[2]. Далей да індаеўрапейскага кораня *nēik- : *nīk- : *nik- "нападаць, накідвацца"[3].
Той жа корань так жа сама пашыраны фармантам -r- і ў стараеўрапейскай рачной назве *Nikros (> Neckar). Яна вытлумачваецца як "магутная, злая, шпаркая (рака)"[4].
Блізкая матывацыя і ў літоўскіх "злых" гідронімах тыпу Pikt-ežeris, Pikt-upė (piktas "злы; моцны, вялікі", ežeras "возера", upė "рака")[5]. Да іх далучаецца і рачная назва Піктуша ля Ашмянаў.
Назва Нікар даўней мела адносіцца да возера, што пазней забалоцілася.
Гідранімічны фармант -(a)r- паказвае на вялікую даўніну гэтага гідроніма. Такі ж фармант і ў старабалцкай рачной назве Matará, якая лічыцца вельмі старажытнай[6].
Характарыстыка
На сённяшні дзень плошча балота складае 7200 га. Яшчэ больш за 7000 га Дзікага Нікара былі асушаныя. Глыбіня торфу — да 3,2 м, сярэдняя — 1,3 м, ступень разлажэння — 38 %, попельнасць — 13,3 %. Большая частка балота знаходзіцца ў межах Белавежскай пушчы. На балоце пераважаюць гіпнава-асаковыя асацыяцыі. Сярод балота знаходзіцца адзіны ў Беларусі ўчастак з белай піхты.
Асушэнне і паўторнае забалочванне
Першапачаткова 30 % тэрыторыі Белавежскай пушчы складалі балоты[7]. Але 20 000 га (прыкладна палова ўсіх балот пушчы) былі меліяраваныя і асушаныя ў 1950-я — 1960-я гады[8]. Гэты лёс напаткаў і Дзікі Нікар, які страціў амаль палову сваёй плошчы: не асушалі балота толькі на юрыдычнай тэрыторыі Белавежскай пушчы, якая, аднак, на той момант не ахоплівала тэрыторыю фактычную. На асушанай частцы Дзікага Нікара вырошчвалі збожжавыя і кармавыя культуры, сеяныя травы[9].
З мэтай спынення вышэй згаданых працэсаў дэградацыі экасістэм Белавежскай пушчы было прынята рашэнне распачаць шэраг праектаў па паўторным забалочванні пацярпелых пушчанскіх балот, а таксама па аднаўленні іншых важных для пушчы экасістэм[10]. У межах «Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы», які рэалізуюць беларускіяДПУ «Нацыянальны парк „Белавежская пушча“», ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і нямецкаяГА «Франкфурцкае Заалагічнае Таварыства», у лістападзе 2016 г. стартавалі працы па паўторным забалочванні балота Дзікі Нікар[11]. Для паўторнага забалочвання былі абраныя 1163 га тэрыторый у Пружанскім раёне, юрыдычна далучаных да пушчы ў 2004 г. Мэтай праекта з'яўляецца падняць узровень грунтовых вод да паверхні на максімальна магчымай плошчы з дапамогай пабудовы 112 глухіх земляных перамычак (дамбаў), замацаваных пасля пасевам траў[12]. Падрыхтоўчыя працы пачаліся ў 2013 г.: ДНУ «Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі» распрацавала навуковае абгрунтаванне аднаўлення гідралагічнага рэжыму парушанага балота, а ўжо ў 2016 г. ААТ «Палессегіпрвадгас» стварыла інжынерны праект, які будзе ажыццяўляць УП «Пружанскае ПМС»[13]. Разлічваецца, што да поўнага аднаўлення экасістэмы пройдзе 30—35 гадоў, а з'яўлення новых ды вяртання старых відаў (напрыклад, вяртлявай чаротаўкі, якая насяляла Дзікі Нікар у 1970-х гадах) варта чакаць прыкладна праз 10 гадоў[14].