Вялікая арда, або Волжская Арда — тэрмін, які выкарыстоўваецца ў сярэдневяковых крыніцах і сучаснай гістарыяграфіі для абазначэння татарскага ханства, якое з'яўлялася рэшткай Залатой Арды пасля аддзялення ад яе ў сярэдзіне XV стагоддзя іншых ханстваў: Казанскага (1438), Крымскага (1441), Нагайскай Арды (1440) і інш. Сучаснікі Вялікай арды яе ніяк ад Залатой Арды не аддзялялі, а ханы лічылі сябе вярхоўнымі кіраўнікамі ў межах усіх татарскіх дзяржаў былога ўлуса Джучы. Тэрыторыя Вялікай арды ўключала землі паміж Донам і Волгай, Ніжняе Паволжа і стэпы Паўночнага Каўказа. Сталіцай быў г.Сарай-Берке («Новы палац», або «Палац Берке»). Першым ханам Вялікай Арды можна лічыць Сеід-Ахмеда I, унука Тахтамыша, нашчадка Чынгісхана.
Гісторыя
У сярэдзіне XV стагоддзя Вялікая Арда адыгрывала важную ролю ў палітычным жыцці Усходняй Еўропы. Аднак як і Залатую Арду, яе раздзіралі ўнутраныя супярэчнасці. У 1455-56 Вялікая Арда пацярпела паражэнне ад крымскага хана Хаджы I Гірэя. У 1459 ад Вялікай Арды адпала Астрахань, дзе хан Махмуд (кіраваў 1459-65), які ўцёк ад брата, што паўстаў супраць яго, заснаваў незалежнае Астраханскае ханства.
Пры хане Ахмаце (кіраваў 1459-81) Вялікая Арда некалькі ўзмацнілася, быў заключаны саюз з Польшчай і Літвой (1472) і ўсталяваны дружалюбныя адносіны з Асманскай імперыяй (1476). Захаваліся сярэбраныя манеты Ахмата [1]. Былі прадпрынятыя ваенныя паходы на Крымскае ханства (1474-78) і Маскоўскае княства (1472 і «Стаянне на Вугры» 1480 года). Аднак спробы Ахмата зноў навязаць Маскоўскай дзяржаве васальную залежнасць пацярпелі няўдачу.
Пасля няўдалага паходу на Маскву Ахмат распусціў войскі і быў забіты ў сваёй стаўцы невялікім атрадам, узначаленым Сібірскім ханам Ібакам і нагайцамі на чале з Мусой і Ямгурчы. У гэты раз Ібак і не спрабаваў захапіць уладу ў Вялікай Ардзе. Забойства мабыць было выклікана тым, што нагайцы і сібірскі хан асцерагаліся ўзмацнення Ахмата і магчымага аднаўлення яго ўлады над імі.
Дзеці Ахмата ўжо не валодалі такім палітычным уплывам. Сеід-Ахмед-хан сабраўшы армію ў 1485 годзе выгнаў свайго старэйшага брата Муртазу-хана з Сарая. Той бег у Сібір, і Ібак ізноў захапіў Сарай праз 2 гады.
У 1486 годзе пачалася вайна паміж Вялікай Ардой і Крымскім ханствам. Муртаза-хан загінуў у бітве з крымскім войскам. Вялікая Арда была разгромлена крымскім ханам Менглі I Гірэем і стала васалам Крыма. Ібак урываецца ў Паволжа і захоплівае Сарай.
У 1502 годзе Крымскае ханства напала на Вялікую Арду і захапіла Паволжа. Вялікая Арда перастала існаваць, і крымскія ханы сталі лічыць, што золатаардынская годнасць перайшла да іх. Заволжскія землі ўвайшлі ў склад Нагайскай Арды, а землі паміж Донам і Волгай фармальна адышлі да Крыма, але неўзабаве, у 1556 годзе, былі далучаны да Маскоўскай дзяржавы.