Назва вуліцы паказвае на яе галоўны цэнтральны статус. З’яўляецца адной з найбольш старажытных вуліц Вільні. У гістарычных крыніцах упамінаецца пад назвай Вялікая або Вялікая Замкавая (разам з сучаснай Замкавай).
У 1939 годзе назву вуліцы перайначылі на літоўскі манер. Пасля Другой сусветнай вайне савецкія ўлады перайменавалі вуліцу ў імя расійскага пісьменніка Максіма Горкага. У 1987 годзе вуліцы вярнулі гістарычную назву.
Агульныя звесткі
Даўжыня вуліцы каля 600 м. Мае брукаваную праезную частку. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад дома Франка. З правага заходняга боку вуліцы дамы з няцотнымі нумарамі, з левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
№ 1 — дом Франка. У 1807 годзе 2-павярховы будынак рэканструяваў архітэктар Міхал Шульц, які прыстасаваў яго пад кватэры прафесараў Віленскага ўніверсітэта. Тут жыў прафесар медыцыны Юзаф Франк, скульптар Казімір Ельскі, біёлаг Андрэй Свядэцкі. У вайну 1812 года ў гэты доме спыняўся пісьменнік Стэндаль. Пра гэты факт сведчыць памятная шыльда.
№ 13 — 3-павярховы дом з рысамі класіцызму, у якім цяпер размяшчаецца аптэка.
№ 17 (таксама Шкляная вуліца, 1) — кутні 3-павярховы дом, збудаваны на месцы старажытнай Уваскрасенскай царквы, ад якой захавалася частка мура.
№ 19 (таксама Шкляная вуліца, 2) — друкарня Францыска Скарыны. Гэты дом у XV—XVI стагоддзях знаходзіўся ў валоданні віленскага бурмістра Якуба Бабіча. Як сведчыць шыльда, усталяваная на будынку, сюды ў 1520 годзе беларускі асветнік Францішак Скарына перавёз з Прагі сваю друкарню. Тут ён выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525)[2].
№ 23 — дом, у якім цяпер размяшчаецца Польскі інстытут
№ 25 — дом Антакольскага
№ 27 — 2-павярховы дом, якім валодаў кляштар трынітарыяў на Антокалі. Будаваўся ў XVI—XVII стагоддзях.
№ 33 — будынак Азоўска-Данскога банка, збудаваны ў 1904 годзе. Пяты паверх надбудавалі ў 1910 годзе. У гэтым будынку з’явіўся адзін з першых ліфтаў у Вільні.
№ 35 (таксама Конская вуліца, 2) — дом Вітальда Вагнера, перабудаваны ў 1910 годзе пад атэль «Італія». У выніку перабудовы атрымаў чацверты паверх.
№ 37 — дом, у якія цяпер размяшчаецца пасольства Турцыі.
№ 39 (таксама Гетманская вуліца, 1) — 3-павярховы будынак былой аптэкі.
Цотны бок
№ 2 — Пятніцкая царква. У 1345 годзе царкву заснавала віцебская князёўна Марыя Яраслаўна, жонка вялікага князя Альгерда. Тут хрысцілі трох Віленскіх мучанікаў. У сярэдзіне XIX ст. расійскія ўлады перабудавалі царкву ў неавізантыйскім стылі. У 1920-х гады святар Аляксандр Коўш спярша аднавіў дзейнасць замёрлай пасля вайны царквы, а потым дамогся ад кансісторыі перадачы святыні Віленскай беларускай гімназіі. Да 1944 года тут адбываліся беларускамоўныя набажэнствы[3].
№ 4 — палац Хадкевічаў. У 1611 і 1619 гадах прадстаўнікі роду Хадкевічаў набылі дзве камяніцы, на аснове якіх збудавалі палац у стылі рэнесансу. У канцы XVIII ст. палац прыйшоў у заняпад. У 1803 годзе будынак выкупіў Віленскі ўніверсітэт. У 1834 годзе палац перабудавалі ў стылі класіцызму. З 1994 года ў будынках размяшчаецца Віленская карцінная галерэя — філіял Мастацкага музея Літвы[4].
№ 10 — палац Гаштольдаў. У XVI ст. камяніца перайшла ў валоданне Радзівілаў. У пачатку XIX ст. будынак набыў Віленскі ўніверсітэт, які пераабсталяваў яго пад сваю першую клініку. Пра гэты факт сведчыць памятная шыльда на фасадзе будынка.
№ 12 — царква Святога Мікалая. Царкву заснавалі ў XIV ст. за вялікім князем Альгердам. У 1514 годзе па пераможнай Аршанскай бітве князь Канстанцін Астрожскі ў падзяку Богу і ў гонар перамогі над маскоўскімі войскамі збудаваў на месцы драўлянай новую мураваную царкву. У XVIII ст. святыню рэканструявалі ў стылі віленскага барока. У другой палове XIX ст. расійскія ўлады перабудавалі помнік у неавізантыйскім стылі.
№ 16 — дом, у якім цяпер размяшчаецца пасольства Швецыі.
№ 18 — дом, які ў 1913 годзе перабудавалі пад аддзел Расійска-Азіяцкага банка.
№ 22 — 3-павярховы дом, у якім размяшчаецца Інстытут гігіены Міністэрства аховы здароўя Літвы. З гэтага дома 25 кастрычніка (6 лістапада) паэт Адам Міцкевіч выехаў у высылку, пра што сведчыць памятная шыльда на фасадзе.
№ 24 — дом Масальскіх, збудаваны ў XVI ст. З 1645 года будынкам валодаў род Масальскіх. У гэтым і суседнім (№ 26) дамах у 1993 годзе адкрылася філіял Нацыянальнага музея Літвы.
№ 26 — Малая гільдыя, адзін з найстарэйшых гатычных будынкаў Вільні. Дом збудавалі ў XV ст. Ім валодалі купцы Мамонічы, з 1608 года — купецкае брацтва (цэх).
№ 34 — касцёл Святога Казіміра. Святыню заснавалі ў 1604 годзе, гэта быў першы будынак Вільні ў стылі барока. Па здушэнні вызваленчага паўстання ў 1832 годзе расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі касцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. Падчас міжваеннай Польскай Рэспублікі святыню вярнулі каталікам. У 1948 годзе савецкія ўлады зачынілі касцёле, у наш час будынак зноў вярнулі каталікам.