Загаловак гэтага артыкула — ісландскае асабістае імя. У ісландцаў, за рэдкімі выключэннямі, няма прозвішчаў; частка імя, якая сканчаецца на «-сан» або «-доўцір», з’яўляецца не прозвішчам, а іменем па бацьку. Па імені па бацьку звяртацца да ісландцаў не прынята; чалавека, апісанага ў гэтым артыкуле, правільна зваць Б’ёрк.
Музычная кар’ера Б’ёрк пачалася ва ўзросце 11 год, калі яна займалася фартэп’яна ў школе. Яе настаўнік перадаў запіс яе спеваў на радыё. Голас дзяўчынкі зацікавіў гуказапісваючую кампанію Fálkinn, і яе запрасілі на запіс. З дапамогаю прыёмнага бацькі, які граў на гітары, Б’ёрк у 1977 г. запісала свой першы альбом, названы проста Björk. На альбоме былі некалькі дзіцячых песень, а таксама некалькі кавераў папулярных песень, як хіта Beatles «Fool on the Hill» на ісландскай мове. Альбом набыў шалёны поспех у Ісландыі, хоць і застаўся невядомым па-за яе абшарамі.
Б’ёрк пачала захапляцца панк-рокам. У чатырнаццаць гадоў яна сабрала дзявочы панк-гурт пад назвай «Spit and Snot». У 1979 г. яна перайшла ў гурт «Exodus». У 1980 г. ва ўзросце пятнаццаці гадоў Б’ёрк скончыла музычную школу. Праз год разам з басістам з «Exodus» Якабам Магнусанам яна заснавала гурт «Tappi Tíkarrass», з якім выпусціла сінгл «Bitið fast í vitið». Альбом «Miranda» выйшаў у 1983 г.
Разам з некалькімі вядомымі ісландскімі рок- і панк-музыкамі Б’ёрк стварыла готык-гурт KUKL. У песнях KUKL пачынаюць вымалёўвацца тыповы стыль вакальнага выканання Б’ёрк. Калектыў выпусціў два альбомы («The Eye» у 1984 і «Holidays in Europe» у 1986), меў гастролі ў Вялікабрытаніі. Улетку 1986 г. некалькі ўдзельнікаў KUKL сфармавалі новы гурт пад назвай «Pukl», але неўзабаве перайменаваліся ў «Sugarcubes».
Слава
Першы сінгл «Sugarcubes», «Ammæli» (Народзіны), стаўся хітом у Вялікабрытаніі. Гурт сабраў вялікую колькасць прыхільнікаў у Вялікабрытаніі і ЗША, гуказапісваючыя кампаніі адна за адной прапаноўвалі свае паслугі.
У 1988 годзе быў запісаны першы альбом — «Life's Too Good». З гэтым альбомам да гурту прыйшла сусветная вядомасць, яшчэ ніколі ісландскі музычны гурт не дасягаў такой папулярнасці.
Унутры калектыву абвастраліся напружанні паміж Б’ёрк і Эйнарам Орнам, і ў 1992 г. «Sugarcubes» распаліся. Б’ёрк пераехала ў Лондан і пачала займацца сольнай кар’ерай. Яна працавала з прадзюсарам Нэлі Гопэрам, які прадзюсіраваў сярод іншых гурт «Massive Attack». У выніку з’явіўся першы сольны хіт Б’ёрк — песню «Human Behaviour» (Чалавечыя паводзіны). Яе дэбютны альбом, «Debut», выйшаў у чэрвені 1993 г. Альбом стаўся «альбомам году» ў часопісе New Musical Express і платынавым альбомам у ЗША.
Пасля поспеху «Debut» Б’ёрк працавала над асобнымі праектамі, у прыватнасці над саўнд-трэкам да фільму «The Young Americans» (1993 г.).
У 1994 г. Б’ёрк пачала працаваць над другім альбомам — «Post». Гэты альбом быў збольшага прысвечаны каханню, хаця змяшчаў і шэрах даволі агрэсіўных песень. Як і ў «Debut», у новым альбоме былі некалькі песень, напісаных Б’ёрк у раннішнія гады. Альбом выйшаў у 1995 г., заняў другое месца ў брытанскім хіт-парадзе, стаўся платынавым у ЗША. У студзені 1997 г. пабачыў свет альбом рэміксаў «Telegram».
Праз год выйшаў мінімалістычны і электронны альбом «Homogenic». Гэты альбом быў шмат у чым наватарскім і эксперыментальным, з этнічнымі і электроннымі элементамі. Вядомасць набыла песня «All Is Full of Love», альбом стаўся залатым у Злучаных Штатах у 2001 г.
У 2001 г. выйшаў альбом «Vespertine», вельмі дарагі і якасны па выкананні. З альбому выйшлі тры сінглы: «Hidden Place», «Pagan Poetry» і «Cocoon». Знятыя на песні выклікаючыя кліпы межавалі з скандальнасцю.
У 2004 г. выйшаў наступны альбом — «Medúlla», больш вакальны і лёгкі.
У жніўні 2004 г. Б’ёрк спявала песню «Oceania» (з альбому «Medúlla») на адкрыцці Летніх Алімпійскіх гульняў у Афінах, Грэцыя. Пасля «Oceania» выйшаў сінгл «Who is it», які заняў 26-е месца ў брытанскім хіт-парадзе, і (ужо ў 2005 г.) «Triumph of a Heart», які заняў 31-е месца. У другой палове 2004 г. быў зняты кліп на «Where is the Line».
У красавіку-маі 2005 г. выйшаў альбом рэміксаў на песню «Army of Me».
У кіно
Кінакар’ера Б’ёрк пачалася ў 1990-ым годзе ў фільме Juniper Tree, створаным па матывах казак братоў Грым. Невялікую ролю Б’ёрк грала ў фільме Prêt-à-Porter у 1994 годзе.
У 1999 г. Б’ёрк выступіла ў якасці прадзюсара і кампазітара ў фільме «Танцорка ў цемры» «Dancer in the Dark». Стужка — псеўдамюзікл, галоўная гераіня якога — эмігрантка Сэльма, якой патрэбныя грошы, каб аплаціць аперацыю свайму сыну. Рэжысёр стужкі Ларс фон Трыер настойваў, каб Б’ёрк заграла ролю Сэльмы, але яна адмаўлялася. Трыер пагражаў спыніць праект, і спявачцы прыйшлося саступіць і згадзіцца заграць у фільме, каб напісаная ёю музыка не была змарнаваная. У 2000 годзе фільм быў паказаны ў праграме Канскага кінафестывалю. Б’ёрк атрымала ўзнагароду ў катэгорыі «лепшая актрыса». Пасля гэтай ролі Б’ёрк была настолькі стомленая фізічна і эмацыйна, што, быццам бы, зараклася здымацца ў кіно. Музычныя творы, выкарыстаныя ў фільме, склалі асобны альбом з назваю «Selmasongs».
Дыскаграфія
Tappi Tíkarras:
Bítiđ Fast Í Vítiđ, 1982,
Miranda, 1983,
KUKL:
Söngull, 1983,
The Eye, 1984,
KUKL Á Paris 14.9.84, 1984,
Holidays In Europe (The Naughty Nought), 1986,
The Sugarcubes:
Life’s Too Good, 1988,
Here Today, Tomorrow, Next Week!, 1989,
Stick Around For Joy, 1992,
It’s-It, 1992 — рэміксы твораў з папярэдніх альбомаў,
The Great Crossover Potential, 1998 — Best Of,
Сольныя альбомы:
Björk, 1977,
Gling-Gló,1990,
Debut, 1993,
Post, 1995,
Telegram, 1996 — рэміксы твораў з папярэдняга альбому,