Горад стаў месцам самага інтэнсіўнага супрацьстаяння бакоў. Сутыкненні дапаўняліся цяжкай гуманітарнай сітуацыяй. Шматлікія важныя пункты — аэрапорт, рэспубліканскі палац, генштаб і штаб САП — шмат разоў пераходзілі з рук у рукі[5].
Баявыя дзеянні
Красавік 2023
15 красавіка ў 9:30 раніцы па мясцовым часе[6] байцы Сіл аператыўнай падтрымкі (САП) атакавалі некалькі вайсковых лагераў у Хартуме. Сутыкненні распаўсюдзіліся на сталічныя раёны Джабра, Кафуры і Шамбат[7]. Прадстаўнікі САП заявілі, што яны захапілі аэрапорт. Побач з галоўным камандаваннем і рэзідэнцыяй Бурхана была чутна стральба. Атрады, лаяльныя Дагала, умацавалі свае пазіцыі ў аэрапорце, а ўрадавыя сілы размясцілі бранятэхніку каля прэзідэнцкага палаца[8]. Пазней паўстанцы паведамілі пра захоп прэзідэнцкай рэзідэнцыі, аднак улады абверглі гэта[8].
Праз некалькі гадзін пасля пачатку сутыкненняў былі аддадзены загады аб эвакуацыі грамадзянскіх асоб, палітыкаў і супрацоўнікаў пасольстваў[9]. Дыпмісія ЗША ў Судане заклікала сваіх грамадзян шукаць прытулку, бо ў дыпламатаў не было падрабязнага плана эвакуацыі[10].
У другой палове дня паведамлялася аб сутыкненнях з ужываннем цяжкай зброі ў паўднёвай і цэнтральнай частцы Хартума[11]. Тым часам прыхільнікі Бурхана заявілі, што адбілі напад на стадыён «Спортс-Сіці». Наступныя сутыкненні адбыліся на мосце праз Белы Ніл[12].
17 красавіка перастрэлкі аднавіліся. З поўначы і поўдня сталіцы даносілася цяжкая артылерыя, а каля штаба арміі ішлі баі[13]. На наступны дзень у баі ўключыліся авіяцыя і СПА[14]. У паўднёвай частцы сталіцы сутычкі спыніліся, але ў цэнтры каля прэзідэнцкага палаца і штаба арміі яшчэ вялася перастрэлка[15]. 19 красавіка было абвешчана аб чарговым спыненні агню (з 18:00 па мясцовым часе). Баявыя дзеянні ў асноўным аціхлі вакол аэрапорта, але ля прэзідэнцкага палаца, штаба арміі і ў раёне Джабра на захадзе сталіцы наадварот узмацніліся[16]. На наступны дзень у бок сталіцы накірваліся падмацаванні для войск САП, але сухапутныя часці УСС разам з авіяцыяй прыпынілі прасоўванне праціўніка[17].
21 красавіка асабліва жорсткія баі былі адзначаны на трасе, якая вядзе ў Порт-Судан, і ў прамысловай зоне аль-Башыр[18]. 22 красавіка сутычкі перакінуліся з цэнтра сталіцы на раёны Хілат-Хамад, Хаджалы і Аркавіт[19]. 23 красавіка вакол ваеннага штаба і палаца адбыліся сутыкненні і выбухі[20]. Байцы САП заявілі, што яны захапілі прадпрыемства ВПК у раёне Масудыя на паўднёвым усходзе Хартума[21].
27 красавіка ўрадавыя сілы нанеслі авіяўдары па пазіцыях праціўніка вакол прэзідэнцкага палаца і ў Хартум-Бахры[22]. 28 красавіка, як паведамілі байцы Дагала, яны захапілі аператыўную базу Хатаб, знішчыўшы пры гэтым 3 танкі і 9 машын[23].
30 красавіка УСС абвясцілі буйную аперацыю ў сталіцы з удзелам авіяцыі і цяжкай артылерыі. Паведамлялася пра налёт беспілотнікаў па пазіцыі паўстанцаў каля нафтаперапрацоўчага завода[24]. Суданская паліцыя заявіла аб разгортванні сваіх рэзервовых сіл на вуліцах Хартума для падтрымання правапарадку[25], а гарадскія ўлады адправілі дзяржаўных службоўцаў у бестэрміновы адпачынак[2].
Наступныя баі
1 мая адбыліся сутыкненні ў прыгарадзе Аль-Джэрыф[26]. На наступны дзень сілы Дагала заявілі, што збілі варожы МіГ[27]. 8 мая зафіксаваны баі ў Хартум-Бахры ў раёне Шамабат, дзе размешчана армейская база[28]. 9 мая паўстанцы абвінавацілі авіяцыю праціўніка ў разбурэнні Старага Рэспубліканскага палаца[29][30]. Байцы Бурхана адмаўлялі гэта[31]. 11 мая ў ЮНІСЕФ паведамілі, што ў Хартуме згарэла фабрыка па вытворчасці прадуктаў харчавання для недаядаючых дзяцей[32]. 15 мая пад авіяўдар трапіў шпіталь Шарк-эль-Ніл[33], а пасольства Самалі разрабавалі баевікі Дагала[34]. 20 мая разрабавана пасольства Катара[35].
4 чэрвеня паўстанцы паведамілі, што збілі над сталіцай знішчальнік праціўніка, але ўрадавыя сілы адмаўлялі гэты факт. Паводле УСС, самалёт разбіўся ля базы Вадзі-Саідна з-за тэхнічнай няспраўнасці[36]. 5-га чысла паведамлялася пра сутыкненні ў паўднёвых раёнах сталіцы[37]. 7 чэрвеня падчас баёў загарэўся склад гаручага, размешчаны недалёка ад армейскай базы і прадпрыемствы па вытворчасці зброі ў раёне Ярмук[38]. На наступны дзень невядомыя баевікі напалі на пасольства Саудаўскай Аравіі[39]. 25-га паўстанцы Дагала заявілі пра захоп штаб-кватэры цэнтральных рэзервовых сіл паліцыі[40].
20 ліпеня каманда арганізацыі «Урачы без межаў» з 18 чалавек была атакавана падчас перавозкі харчавання ў турэцкі шпіталь на поўдні Хартума[41]. 31 ліпеня Сілы спецыяльнага прызначэння УСС атакавалі вайсковы комплекс ворага недалёка ад Аль-Шаджара на захадзе сталіцы[42].
1 жніўня шпіталь на паўночны захад ад аэрапорта Хартума часткова абрынуўся праз абстрэл[43]. 2 жніўня ва УСС заявілі, што забілі 12 байцоў Дагала і знішчылі 4 аўтамабілі ворага ў выніку нападу на мост Аль-Мак Німр, які злучае Хартум і Хартум-Бахры[44]. 6 жніўня УСС нанеслі ўдары па Рэспубліканскім палацы, у той час як у САП заявілі, што адбілі спробу ворага прарваць аблогу ваеннага комплексу Ярмук[45]. 20 жніўня, як заявілі прадстаўнікі УСС, іх часці адбілі напад праціўніка на штаб бранятанкавага корпуса ў вайсковым раёне Аль-Шаджара, у выніку чаго сотні чалавек пацярпелі, былі знішчаны пяць бронемашын, танк Т-55 і некалькі баявых машын. Тры танкі і некалькі баявых машын трапілі ў рукі ўрадавых вайскоўцаў[46].
4 верасня войскі Дагала заявілі, што збіла два самалёты «Ан» УСС[47]. 16 верасня ўлады заявілі, што адбілі атаку праціўніка на штаб-кватэру Галоўнага камандавання[48]. 17 верасня офіс Суданскай падатковай службы[49] і 18-павярховая вежа Greater Nile Petroleum Oil Company[50], славутасць Хартума, загарэліся падчас баёў. УСС абвінавацілі САП у падпале будынкаў[49]. 20-га чысла байцы Дагала заявілі, што збілі варожы бамбардзіроўшчык[51].
6 снежня войскі Дагала ўзялі пад кантроль цэнтр базы даных суданскай тэлекамунікацыйнай групы (Sudatel), размешчаны на паўднёвым захадзе Хартума[54].
Баі ў 2024—2025 гадах
2 студзеня2024 года ВПС Судана разбамбілі пазіцыі праціўніка[55]. 12 мая войскі Бурхана абстралялі комплекс Палаца Рэспублікі ў Хартуме, выклікаўшы пажар у старым будынку[56]. 20 жніўня — прынамсі 15 чалавек загінулі ў выніку авіяўдараў УСС у Эд-Даэйне. Сярод аб’ектаў, якія падвергліся нападу, былі навучальная бальніца горада і цэнтр перамяшчэння[57]. 20 жніўня ўлады заявілі, што дамагліся поспехаў у раёне парку Эль-Доха на паўднёвым захадзе Хартума[58].
25 верасня войскі Бурхана пачалі буйное наступленне ў раёне сталіцы[59], адбіўшы ўніверсітэт Хартума[60]. 28 верасня суданская армія заявіла, што адбіла штаб-кватэру тэлекамунікацыйнай кампаніі Zain у Аль-Мукрыне[61]. 29 верасня ААЭ абвінавацілі УСС у бамбардзіроўцы рэзідэнцыі свайго пасла ў Хартуме ў выніку авіяўдару[62]. Прадстаўнікі Бурхана абвінавацілі ў інцыдэнце войскі Дагала[63]. САП перапынілі мірныя перамовы з праціўнікам у адказ на наступленне ўладаў у Хартуме[64]. 13 кастрычніка прыхільнікі Бурхана адбілі паліцэйскі ўчастак і мячэць Эль-Ламаб на паўднёвым захадзе Хартума[65].
12 студзеня 2025 года УСС адбілі жылы комплекс Аль-Равад[66].
Сутыкненні закранулі і Амдурман (горад-спадарожнік сталіцы). Бакі ўжывалі цяжкае ўзбраенне[67], а суданскія ВПС абстрэльвалі пазіцыі паўстанцаў. У розных раёнах жыхары чулі артылерыю[68].
Раніцай 20 красавіка 2023 года, як паведамілі мяцежнікі, яны адбілі напад арміі на свае пазіцыі ў Амдурмане, збіўшы пры гэтым два верталёты[69]. На наступны дзень адбыліся абстрэлы і перастрэлкі[70].
21 мая байцы Дагала распачалі рух да галоўнай авіябазы праціўніка ў Вадзі-Саідна, на поўнач ад сталіцы. Атрады САП прыкладна на 20 грузавіках спрабавалі перасекчы мост праз Ніл, каб дабрацца да паветранай гавані, але былі сустрэты цяжкай артылерыяй арміі Бурхана[71].
31 мая саюз суданскіх лекараў заявіў, што па меншай меры 18 чалавек загінулі і больш за 100 атрымалі раненні ў выніку ракетнага абстрэлу рынку на поўдзень ад Хартума[72].
19 ліпеня 14 мірных жыхароў былі забітыя ў выніку ўдару беспілотніка САП у Аль-Азхары і ў Вад-Аджыбе, на поўдзень ад Хартума. УСС сцвярджалі, што адбілі напад праціўніка ў Аль-Ашары і на мосце Аль-Абасін у Абу-Адама, на поўдзень ад сталіцы, знішчыўшы 9 баявых машын і забіўшы некалькі байцоў[73].
5—6 кастрычніка часці САП усталявалі кантроль над горадам Аль-Айлафун на паўднёвы ўсход ад Хартума, захапіўшы помпавую станцыю на нафтаправодзе[74][75].
11 лістапада быў разбураны мост Шамбат, які злучаў Хартум-Бахры і Амдурман. Бакі абвінавацілі ў здарэнні адзін аднаго[76].
Страты і шкода
Паводле паведамленняў Flightradar24, у міжнародным аэрапорце Хартума некалькі самалётаў кампаній Saudia, Badr Airlines і SkyUp Airlines былі пашкоджаны[77]. Пазней Saudia пацвердзіла, што адзін з яе бортаў трапіў пад абстрэл перад узлётам, а ўсе пасажыры, экіпаж і персанал былі эвакуіраваны ў пасольства Саудаўскай Аравіі. Кампанія разам з EgyptAir прыпыніла ўсе палёты ў і з Судана[78]. Сярод пацярпелых бартоў быў і самалёт Сусветнай харчовай праграмы, што, паводле слоў арганізацыі, паўплывала на здольнасць перамяшчаць персанал і аказваць дапамогу людзям па ўсёй краіне[79].
17 красавіка прыхільнікі Бурхана заявілі пра страту 27 байцоў забітымі і 183 параненымі[80][81]. Станам на той жа дзень у баях загінулі 74 суданцаў[82][83].
Да 21 красавіка ў Хартуме было зарэгістравана ад 100 да 200 пацверджаных выпадкаў гібелі грамадзянскага насельніцтва; паведамлялася, што некаторыя з ахвяр былі замежнікамі[84][85]. На 29-га колькасць загінулых дасягнула лічбы ў 500 чалавек[86].
Каля 00:00 па мясцовым часе 30 красавіка Сілы аператыўнай падтрымкі[87] нанеслі авіяўдар па Цэнтральным банку Судана(ар.) (бел.. З-за хаоса пакуль не пацверджана ні раненняў, ні гібелі грамадзянскіх асоб, але ў выніку паветранай атакі большая частка будынка згарэла[88].
27 мая пры паветраных бамбардзіроўках авіяцыі САП загінулі 2 чалавекі[89].
У першы дзень лета ў выніку дзеянняў артылерыі загінулі 27 мірных грамадзян[90]. 4 чэрвеня 10 студэнтаў з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга загінулі ў выніку ўдару ўрадавай авіяцыі па Міжнародным афрыканскім універсітэце ў Хартуме[91]. 11-га ў выніку дзеянняў урадавай авіяцыі ў сталіцы загінулі 7 чалавек[92]. 17 чэрвеня падчас бамбёжкі разбураны некалькі дамоў і забіта не менш за 17 мірных жыхароў, у тым ліку 5 дзяцей[93][94]. 25 чэрвеня байцы Бурхана заявілі пра гібель 400 прыхільнікаў Дагала, у той час як актывісты паведамілі аб 14 загінулых мірных жыхароў[40].
16 ліпеня пяць чалавек загінулі і 17 атрымалі раненні ў выніку выбуху ў раёне Амбада на паўночным захадзе Хартума[95].
14 жніўня паўстанцы заявілі, што за апошнія тры дні загінулі 12 чалавек[96]. Як стала вядома 20 жніўня, атрады Дагала абстралялі з мінамётаў раён Аль-Салама, забіўшы ад 6 да 10 цывільных асоб[46]. 2 верасня прынамсі 20 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, былі забіты ў выніку авіяўдару УСС па раёне Калакла аль-Куба на паўднёвым захадзе Хартума[97]. 10 верасня ў выніку авіяатакі ВПС урадавай арміі на рынак Кутум загінулі як мінімум 43 грамадзянскія асобы[98]. 12 верасня 104 асобы забіты пры абстрэлах па ўсёй сталіцы[99].
3 кастрычніка артылерыйскі снарад паўстанцаў трапіў у клініку пры мячэці ў Самарскім раёне Хартум-Бахры, загінула 20 чалавек[100]. 9 кастрычніка стала вядома, што як мінімум 190 чалавек загінулі пры двухдзённых бамбардзіроўках раёна Джэбел-Аўлія[101]. 10 снежня ўрадавыя часці атакавалі канвой Чырвонага Крыжа ў раёне Эль-Шаджара: 2 забітых, 7 параненых[102].
11 студзеня 2024 года прынамсі 23 чалавекі загінулі ў выніку авіяўдараў УСС у раёне Соба ў Хартуме, яшчэ дзесяць чалавек загінулі ў выніку абстрэлу на поўдні сталіцы[103]. 22 лютага сем чалавек загінулі ў выніку абстрэлу раёна Аль-Нахда[104]. 11 красавіка трынаццаць чалавек былі забітыя ў раёне Хаб ан-Наім у выніку меркаванага абстрэлу САП[105]. 1 жніўня два чалавекі загінулі ў выніку абстрэлу цэнтральнага рынку[106]. 29 верасня шэсць чалавек загінулі ў выніку авіяўдару УСС па раёнах Аль-Азхары і Аль-Інгаз[107]. 12 кастрычніка прынамсі 23 чалавекі загінулі і 40 атрымалі раненні ў выніку ўрадавых авіяўдараў у паўднёвым поясе Хартума[108]. 1 лістапада два чалавекі загінулі ў выніку ўдару беспілотніка УСС у раёне Ад-Хусейн[109]. 8 снежня як мінімум 28 чалавек загінулі і 37 атрымалі раненні падчас атакі БПЛА на заправачную станцыю ў раёне Маё[110]. 28 снежня прынамсі сем чалавек загінулі ў выніку ўрадавых авіяўдараў на поўдні Хартума[111].
5 студзеня 2025 года дзесяць чалавек загінулі ў выніку авіяўдару ўрадавых ВПС у Хартуме[112].
Гуманітарны крызіс
Баявыя дзеянні ў Хартуме прывялі да таго, што многія жыхары апынуліся ў сваіх дамах без электрычнасці і вады больш чым на 48 гадзін, што яшчэ больш пагоршылася гвалтам, які меў месца падчас поснага месяца Рамадан. Хартумцы праз вулічныя перастрэлкі не маглі выйсці за прадуктамі ў краму. У бальніцах адчуваўся недахоп персаналу і запасаў матэрыялаў з-за патоку параненых[113]. Тысячы чалавек пакінулі горад, але пры ўцёках многія пацярпелі ад прыдарожных рабаванняў[114].
У першыя дні канфлікту ў сацыяльных сетках пад хэштэгам #NoToWar узнік масавы рух, добраахвотнікі якога прапаноўвалі людзям ежу, лекі і актуальную інфармацыю пра бяспечныя шляхі ўцёкаў з Хартума[115].
19 красавіка войскі Дагала абвясцілі, што стварылі кол-цэнтр у кантраляваных імі раёнах Хартума для прыёму сігналаў бедства ад жыхароў[116].