У гарэльефным фрызе каля падножжа ўвасоблены сюжэтна-тэматычныя сцэны з партызанскага жыцця, апавядальна-ілюстрацыйная трактоўка тэматычных сцэн вырашана ў цяжкіх надуманых формах. У эпізодах барацьбы: сыход людзей у лес, ад малога да вялікага; фарміраванне партызанскіх атрадаў[1]. Гладкая паверхня светлага граніту калоны некалькі згладжвае гіперактыўную пластыку фрыза[2].
Ніжняя і верхняя часткі пластычных вырашэнняў калоны аб’яднаны партызанскай тэматыкай. На скошаным завяршэнні калоны скульптурная кампазіцыя з алегарычна-дакументальных выяў[2] партызанскай сям’і[1]. Скульптурная пластыка герояў вырашана ў складаных ракурсах, дынаміку форм узмацняе хвалепадобная, віціеватая пластыка. Сілуэт фігуратыўнай групы, улічваючы вышыню, на якой ён размешчаны, цяжкі для прачытання, надае мемарыяльнаму знаку прыземісты характар[2].
Па-за мастацка-эстэтычнай роляй помнік «Беларусь партызанская» арганізоўвае навакольную прастору, вакол якой разгортваецца плошча сквера з зонай адпачынку, развітой гарадской інфраструктурай. Уключаны ў сучаснае асяроддзе высотных дамоў, мемарыяльны знак канцэнтруе ў сваім мастацкім вобразе інтэнсіўнасць рытмаў праспекта[2].
Архітэктурна-пластычная ідэя В. Занковіча набліжана да стэрэатыпнага, апрабавана-вобразнага вырашэння, манументальнай пампезнасці[2]. Дамінуючая вертыкаль калоны ўступае ў саперніцтва з архітэктурнай прасторай, у вніыку чаго твор вылучаецца з кантэксту наваколля[3].