Платформавы чахол у межах Бабаўнянскага выступу складзены з фрагментаў палескай серыі сярэдняга рыфею (пінская світа), вендскіх адкладаў (вільчанская, валынская і валдайская серыі) і тоўшчы мелавых, палеагенавых, неагенавых і антрапагенавых адкладаў, якія іх перакрываюць. Магутнасць платформавага чахла 90—350 м. Рыфейскія і вендскія адклады захаваліся фрагментарна на схілах выступу, найбольш поўна на ўсходніх і паўднёва-ўсходніх схілах, на заходніх — пераважна адклады валынскай і нізоў валдайскай серый. Антрапагенавыя адклады з перарывам залягаюць на рыфейскіх, вендскіх і мелавых, а ў цэнтральнай частцы выступу — непасрэдна на пародах фундамента.
Актыўнае фарміраванне Бабаўнянскага выступу звязана з герцынскім этапам развіцця. Для неатэктанічнай стадыі характэрны актыўныя дадатныя рухі.