Старажытныя рымляне ў 129 годзе да н.э. заснавалі на месцы лігурыйскага паселішча ваенны лагер Colonia, названы таксама Hasta, які мусіў ахоўваць дарогу з Рыма ў Галію. У час Вялікага перасялення народаў горад не раз прымаў першы ўдар варвараў, якія рынуліся ў Італію. Ламбарды падзялілі поўнач Італіі на 36 «графстваў», сталіцай аднаго з якіх зрабілі Асты.
Пры Каралінгах улада ў акрузе перайшла ў рукі мясцовых біскупаў. XI стагоддзе адзначылася ўзброеным супрацьстаяннем паміж біскупам Атонам і графіняй Адэлаідай Сузскай. У лютым 1155 года горад, які далучыўся да Ламбардскай лігі, спаліў яе люты вораг — імператар Фрыдрых Барбароса. З тых часоў жыхары Асты, якія кіравалі горадам самастойна, па-майстэрску балансавалі паміж імператарам, Папам і генуэзцамі.
У XIII стагоддзі горад уступіў у барацьбу з Міланам, Альбай, Алесандрыяй, Савойскай дынастыяй і маркграфамі Манферата і Салуца за гандлёвае першынство ў П'емонце. У сярэдзіне стагоддзя ў палітычную залежнасць ад Асты патрапіла Альба, а ў гандлёвую — Турын і К’еры. На баку савойскага герцага супраць жыхароў Асты выступіў Карл Анжуйскі.
Барацьба за незалежнасць абвастрыла супярэчнасці паміж «лепшымі грамадзянамі», і ў 1314 годзе банкіры Салара перадалі горад пад уладу неапалітанскай кароны. У 1339—1342 гадах рэспубліка была на кароткі час адноўлена, пасля чаго жыхары Асты перайшлі пад уладу міланскіх Вісконці. Свае правы на Асты пасля прад'яўлялі таксама Іаан II Палеалог (маркграф Манферата) і Людовік Арлеанскі, якому разам з рукой Валянціны Вісконці і адышоў Асты.