А́ндраш I Бе́лы, або Като́лік (венг.: I. András Fehér, I. Endre; каля 1015 — снежань 1060, Зірц) — кароль Венгрыі з дынастыі Арпадаў. Правёў пятнаццаць гадоў у выгнанні і ўзышоў на прастол падчас буйнога паўстання венграў-язычнікаў. Умацаваў пазіцыі хрысціянства ў Венгрыі і паспяхова абараніў яе незалежнасць ад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Спрабаваў забяспечыць перадачу прастола свайму сыну Шоламану, у выніку чаго ўступіў у канфлікт з братам Белам. У 1060 годзе Бела зрынуў Андраша. Падчас вырашальнай бітвы Андраш атрымаў цяжкія раны і памёр да каранацыі свайго брата.
Раннія гады
Дзяцінства (каля 1015 — 1031)
Сярэдневяковыя крыніцы даюць супярэчлівыя звесткі пра бацькоў Андраша і яго двух братоў, Левентэ і Белы[9]. Да прыкладу, «Хроніка Заграба» і «Жыццяпіс Святога Герарда»[9] гавораць, што іх бацькам быў Вазул (Васіль), унук Такшаня, вялікага князя венгерскага[10]. Паводле іншых хронік, тры князі былі сынамі брата Вазула, Ласла Лысага[9]. Сучасныя гісторыкі адпрэчваюць апошнюю версію і згаджаюцца з тым, што Андраш і яго браты былі сынамі Вазула[9][11][12][13]. Illuminated Chronicle і іншыя сярэдневяковыя крыніцы пішуць пра адносіны Вазула з «нейкай дзяўчынай» з роду Татань, якая нарадзіла яму сыноў, хоць шлюб аформлены не быў[14][15]. Паводле слоў гісторыка Дзьюлы Крыста, Андраш быў другім сярод трох сыноў Вазула. Ён піша, што Андраш нарадзіўся каля 1015 года[11].
У выгнанні (1031—1046)
Паводле сярэдневяковых хронік, Вазул быў аслеплены ў часы валадарання свайго стрыечнага брата, караля Іштвана I — першага хрысціянскага кіраўніка Венгрыі — пасля смерці ў 1031 годзе яго адзінага сына Эмерыка[16][17]. Annales Altahenses піша, што кароль загадаў знявечыць Вазула як галоўнага прэтэндэнта на прастол, каб забяспечыць мірны пераход у спадчыну ўлады да свайго пляменніка Пятра Арсеола[18][12]. Тая ж крыніца дадае, што пасля гэтага Іштван I выгнаў траіх сыноў Вазула з краіны[9]. Паводле іншых звестак, кароль хацеў выратаваць жыцці маладых князёў ад сваіх ворагаў пры каралеўскім двары і таму арганізаваў іх хуткі ад’езд з Венгрыі[19][11].
Яго ўласны сын памёр пры жыцці бацькі, і, не маючы іншых сыноў, Іштван наблізіў і прызначыў сваім спадчыннікам пляменніка Пятра Арсеола. Яго сваяк [Вазул] не пагадзіўся з гэтым; быўшы аслепленым па загадзе Іштвана, ён, хоць і быў больш годны прастола, адправіў сваіх юных сыноў у выгнанне. - Annales Altahenses[20]
.
Выгнаныя з Венгрыі Андраш і яго браты пасяліліся пры двары герцага Ольдржыха Багемскага[13]. Тут яны сустрэлі караля Мешку II[13], якога таксама прынялі ў Багеміі пасля выгнання з Польшчы[21]. У 1032 годзе польскі манарх вярнуў сабе карону пры дапамозе чэшскай войска[22]. Андраш, Бела і Левентэ, «якія жылі ў беднаце»[23], у Багеміі, адправіліся ўслед за Мешкам II у Польшчу, дзе іх прынялі іх «з ласкай і з гонарам»[11][13]. Пасля малодшы з братоў, Бела, ажаніўся з Рыксай, дачкой Мешкі II, Андраш і Левентэ вырашылі пакінуць Польшчу, паколькі яны «адчувалі, што яны будуць жыць у Польшчы ў цені свайго брата»[24][25].
Венгерскія хронікі захавалі гісторыю, поўную казачных і анахранічных дэталяў наступных тулянняў двух братоў[25]. Так, яны распавядаюць, што Андраш і Левентэ былі захоплены ў палон полаўцамі (куманамі) [25], але апошнія перасяліліся ў Еўропу толькі ў 1050-я гады. Сутыкнуўшыся з вялікімі цяжкасцямі, Андраш і Левентэ ў канцы 1030-х гадоў знайшлі прытулак пры двары Яраслава Мудрага, вялікага князя кіеўскага. Вялікі князь выдаў за Андраша сваю дачку Анастасію[25]. Крыста піша, што Андраш, які да таго часу заставаўся язычнікам, з нагоды вяселля быў хрышчоны[26].
Атрымаўшы дазвол ад [польскага манарха, Андраш і Левентэ] пакінулі свайго братаБелу і адбылі да караля Ладамерыі, які не прыняў іх. Паколькі ў іх не было, дзе схіліць галаву, яны пайшлі адтуль да [полаўцаў]. Тыя палічылі іх разведчыкамі, якія прыйшлі выглядзець іх зямлю, і калі б палонны венгр не пазнаў іх, полаўцы, вядома, расправіліся б з братамі, але замест гэтага яны трымалі іх у палоне на працягу некаторага часу. Затым яны адправіліся адтуль у Русь. - Illuminated Chronicle[27]
.
Вяртанне ў Венгрыю (1046)
Да гэтага ж часу кароль Пётр Арсеола, які змяніў Іштвана I на прастоле ў 1038 годзе, адштурхнуў ад сябе многіх прадстаўнікоў знаці і духавенства, асабліва калі ў 1045 годзе ён урачыста прызнаў сюзерэнітэт імператара Свяшчэннай Рымскай імперыіГенрыха III[12][28]. У адпаведнасці з Illuminated Chronicle, незадаволеныя вяльможы, «бачачы пакуты свайго народа»[29], сабраліся ў Чанадзе[30] і вырашылі паслаць ганцоў да Андраша і Левентэ ў Кіеў, каб пераканаць іх вярнуцца ў Венгрыю[26]. Асцерагаючыся, што гэта пастка[31], браты пагадзіліся вярнуцца на радзіму, толькі калі адпраўлены імі ганец пацвердзіў, што венгры гатовыя да паўстання супраць караля[26].
Да таго часу, калі браты вырашылі вярнуцца, у Венгрыі ўспыхнула язычніцкае паўстанне Ваты(англ.) (бел.[32]. Андраш і Левентэ сустрэліся з мяцежнікамі ў Абаўйвары[26]. Хронікі распавядаюць, што язычнікі заклікалі князёў «дазволіць усяму народу жыць па язычніцкіх абрадах, забіць біскупаў і духавенства, знішчыць цэрквы, скінуць з сябе хрысціянскую веру і ўшаноўваць ідалаў»[31][26]. Браты пагадзіліся выканаць гэтыя патрабаванні ў выпадку поспеху паўстання, паколькі ў адваротным выпадку "яны не сталі б змагацца за іх супраць караля Пятра[31][26].
У Annales Altahenses гаворыцца, што Андраш «жорстка лютаваў супраць паствы Святой Царквы»[33][34]. Тым не менш, біскупГерард Венгерскі і чацвёра іншых прэлатаў былі гатовыя далучыцца да яго, але язычнікі захапілі і забілі траіх з іх (уключаючы Герарда) у Будзе[30][35]. Кароль Пётр вырашыў бегчы з Венгрыі ў Аўстрыю[30]. Аднак пасланцы Андраша зманам вымусілі яго вярнуцца, не дасягнуўшы межы, паланілі яго і асляпілі[30][36].
Кароль Венгрыі
Каранацыя (1046)
Большасць венгерскай знаці і духавенства выступалі супраць аднаўлення язычніцтва[28][37]. Таму яны аддалі перавагу набожнаму хрысціяніну Андрашу, а не яго брату-язычніку Левентэ[28], хоць (паводле звестак Крыста і Штайнхюбеля) менавіта апошні быў старэйшым з трох сыноў Вазула[38][39]. Венгерскія летапісы пішуць, што Левентэ, які памёр неўзабаве пасля поспеху паўстання, не пярэчыў супраць узыходжання брата на прастол[39][30].
У выніку трое біскупаў, якія засталіся ў жывых пасля паўстання, каранавалі Андраша ў Секешфехервары ўвосень 1046 года[30] ці ў 1047 годзе. Андраш I неўзабаве пасля гэтага разарваў сувязі са сваімі прыхільнікамі-язычнікамі, аднавіў хрысціянства і абвясціў язычніцкія абрады па-за законам[33][37]. Паводле Коштальніка, мянушкі Андраша I — Белы і Каталік — звязаны менавіта з гэтымі падзеямі[40].
Пасля таго, як былі пераможаны ўсе ворагі, герцаг Андраш атрымаў каралеўскую карону ў Секешфехервары. Не больш трох біскупаў, уцекачоў ад вялікай разні хрысціян, правялі цырымонію каранацыі ў лета гасподне 1047-е. Ён абвясціў перад усім сваім народам, што пад страхам смерці яны павінны адкінуць тыя язычніцкія абрады, якія раней былі дазволены ім, і што яны павінны вярнуцца да сапраўднай веры Хрыстовай і жыць ва ўсім у адпаведнасці з законам, які ім даў кароль Іштван I. - Illuminated Chronicle[41]
Войны са Свяшчэннай Рымскай імперыяй (1046—1053)
Герман Райхенау распавядае, што Андраш «адправіў пасланцаў са сціплымі дарамі» да імператара Генрыха III, прапанаваўшы яму «штогадовую даніну і верную службу»[42], калі імператар прызнае яго каралём венграў[43]. Андраш I таксама ўгаварыў у 1048 годзе свайго брата Белу вярнуцца з Польшчы ў Венгрыю[44], а таксама перадаў яму ў кіраванне[44][45] у якасці герцага траціну каралеўства[37]. Ва ўладанні Белы ўвайшлі дзве вобласці вакол Нітры і Біхарыі[44][37].
Андраш ініцыяваў новыя мірныя перамовы з імператарам і абяцаў плаціць штогадовую даніну, але яго прапановы былі адхілены[46]. Наступным летам імператар вярнуўся ў Венгрыю і аблажыў Прэсбург[36]. Жотмунд, «самы майстэрскі плывец»[47], патапіў імперскія аблогавыя караблі[36][46]. Пасля таго, як Папа Леў IX вымусіў бакі перайсці да мірных перамоў, Генрых III зняў аблогу і пакінуў Венгрыю[36][46]. Андраш I неўзабаве адмовіўся выконваць свае абяцанні, зробленыя пад прымусам[46], і нават уступіў у саюз з Конрадам Баварскім, вядомым праціўнікам імператара[48].
Паколькі Андраш, кароль венграў, усё менш і менш быў схільны адпраўляць паслоў і даваць абяцанні, якія тычыліся мірнага дагавора, [імператар] аблажыў крэпасць Прэсбург з выкарыстаннем розных аблогавых машын. Бог, аднак, дапамагаў абложаным, і імператар ніяк не мог захапіць яго. Тым часам Яго Святасць Папа Леў умяшаўся і па просьбе Андраша спрыяў заключэнню міру, заклікаўшы імператара зняць аблогу. Імператар ва ўсіх сваіх учынках прытрымліваўся дагавора, у той час як Андраш, насупраць, меней прыслухваўся да яго парады, ён быў злым і здзекаваўся са Святога Прастола. - Герман Рэйхенау: Chronicle[49]
.
Дынастычны крызіс і смерць (1053—1060)
У 1053 годзе каралева Анастасія нарадзіла Андрашу сына, названага Шоламанам[50]. Андраш I паспрабаваў забяспечыць спадчынныя правы сына на прастол, хоць дзеля гэтага прыйшлося б уступіць у канфлікт з братам Белам, які меў больш правоў на трон у адпаведнасці з традыцыйным прынцыпам старшынства[51]. Аднак адносіны братоў не пагоршыліся адразу пасля нараджэння Шоламана[52]. Так, запіс пра заснаванне Андрашам I бенедыкцінскага абацтва Ціхань у 1055 годзе называе герцага Белу сярод удзельнікам цырымоніі закладкі падмурка[52]. Андраш I таксама заснаваў лаўру для праваслаўных пустэльнікаў у Ціхані і праваслаўны манастыр каля Вішэграда[53].
Неўзабаве Андраш I перанёс інсульт, які паралізаваў яго[50]. У спробе ўмацаваць прэтэнзіі свайго сына на прастол, ён увосень 1057 года прызнаў яго спадчыннікам і планаваў каранаваць Шоламана[50]. Акрамя таго, Андраш у верасні 1058 года арганізаваў заручыны сына з Юдыт — дачкой імператара-нябожчыка Генрыха III і сястрой новага нямецкага манарха, Генрыха IV[54]. Пасля гэтага, у адпаведнасці са звесткамі большасці венгерскіх хронік, кароль запрасіў Белу на сустрэчу[55] і прапанаваў выбраць паміж каронай і мячом, якія былі сімваламі каралеўства і герцагства адпаведна[56]. Бела быў загадзя паінфармаваны, што калі ён абярэ карону, то будзе забіты целаахоўнікамі Андраша, і таму выбраў меч[56].
Аднак Бела насамрэч не збіраўся адмаўляцца ад сваіх прэтэнзій на прастол і бег у Польшчу, разлічваючы на дапамогу герцага Баляслава II[56][57]. Пры яго падтрымцы Бела вярнуўся ў Венгрыю на чале польскіх войскаў[58]. З іншага боку, імператрыца-ўдава Агнэса, якая кіравала Свяшчэннай Рымскай імперыяй ад імя свайго непаўналетняга сына Генрыха IV, адправіла баварскія, чэшскія і саксонскія войскі ў дапамогу Андрашу[58].
Вырашальная бітва разгарнулася на раўніне на ўсход ад ракі Ціса[50]. Андраш I быў паранены і прайграў бітву[50][56]. Ён паспрабаваў бегчы ў Свяшчэнную Рымскую імперыю, але салдаты яго брата нагналі яго атрад каля Мошанмадзьяравара[50]. Паводле Annals of Niederaltaich, яго шацёр быў затаптаны коньмі на полі бою[59], а смяротна паранены Андраш I быў перавезены прыхільнікамі Белы ў Зірц[50], дзе «ён лячыўся з пагардай»[60][59].
Андраш I памёр у каралеўскім маёнтку ў Зірцы раней, чым яго брат 6 снежня1060 года быў каранаваны[61]. Андраш I быў пахаваны ў склепе царквы абацтва Ціхань[62]. Пахаванне было выяўлена ў 1891 годзе. Гэта адзінае захаванае каралеўскае пахаванне датурэцкага перыяду ў Венгрыі.
Кароль Шоламан і Давід, яго брат, не мелі дзяцей, і семя караля Андраша загінула разам з імі. Мы лічым, што гэта было воляй Бога, бо падчас свайго першага вяртання з Левентэ, яго братам, у Венгрыю, Андраш з мэтай атрымання кароны дазволіў язычнікам забіць Святога Герарда і многіх хрысціян. Illuminated Chronicle[67]
.
Сярэдневяковыя хронікі пішуць, што ў Андраша быў яшчэ адзін сын, Дзьёрдзь, які быў народжаны ад наложніцы з сяла Пілісмарат[68][69]. Паводле іншай версіі, яго маці магла быць нейкая кіяўлянка, з якой Андраш меў сувязь да вяселля з Анастасіяй[69]. З імем Дзьёрдзя таксама звязана не цалкам даказаная тэорыя, што ў 1055 годзе ён з’ехаў у Шатландыю і стаў заснавальнікам клана Драманд[70].
пагарда
«Herman of Reichenau, Chronicle» (2008). In Robinson, I. S. Eleventh-Century Germany: The Swabian Chronicles. Manchaster University Press. pp. 58–98. ISBN 978-0-7190-7734-0.
Simon of Kéza: The Deeds of the Hungarians (1999). CEU Press. ISBN 963-9116-31-9.
The Hungarian Illuminated Chronicle: Chronica de Gestis Hungarorum (1970). Corvina, Taplinger Publishing. ISBN 0-8008-4015-1.
«The Laws of King Ladislas I (1077—1095): Book Three». In The Laws of the Medieval Kingdom of Hungary, 1000—1301 (1999). Charles Schlacks, Jr. Publishers. pp. 15–22. ISBN 88445-29-2.
Kristó, Gyula; Makk, Ferenc (1996). Az Árpád-ház uralkodói [=Rulers of the House of Árpád](венг.). I.P.C. Könyvek. ISBN963-7930-973.
Kristó, Gyula (1999). Az államalapítás korának írott forrásai [=Written Sources of the Ages of the Foundation of the State](венг.). Szegedi Középkorász Műhely. ISBN963-482-393-9.
Robinson, I. S. (1999). Henry IV of Germany, 1056–1106. Cambridge University Press. ISBN0-521-54590-0.
Steinhübel, Ján (2011). "The Duchy of Nitra". In Teich, Mikuláš; Kováč, Dušan; Brown, Martin D. (рэд-ры). Slovakia in History. Cambridge University Press. pp. 15–29. ISBN978-0-521-80253-6.
Wertner, Mór (1892). Az Árpádok családi története [=Family History of the Árpáds](венг.). Szabó Ferencz N.-eleméri plébános & Pleitz Fer. Pál Könyvnyomdája.