Аляксандр Мак-Гіліўрэ (англ.: Alexander McGillivray; 15 снежня 1750 - 17 лютага 1793 гг.) — правадыр канфедэрацыі індзейцаў-крык, палітычны дзеяч і рэфарматар.
Нарадзіўся ў індзейскай вёсцы на тэрыторыі сучаснага штата Алабама. Маці паходзіла з індзейскага племені каасаці, бацька быў французскім афіцэрам шатландскага паходжання. Паколькі крык вялі адлік сваяцтва па маці, то лічыўся індзейцам. Частку дзяцінства правёў з бацькам, атрымаў сучасную еўрапейскую адукацыю.
Падчас Амерыканскай рэвалюцыі меў званне палкоўніка брытанскай арміі, змагаўся на баку брытанцаў, адказваў за сувязь брытанскіх улад з канфедэрацыяй крык. У 1783 г. выбраны вярхоўным правадыром маскогі. У 1784 г. заключыў дагавор з Іспаніяй супраць ЗША і наўзамен атрымаў прызнанне канфедэрацыі крык як самастойнай дзяржавы. Аднак у 1787 г. разам з 27 правадырамі крык падпісаў пагадненне з ЗША ў Нью-Ёрку, складзенае па прапанове Джорджа Вашынгтона. У 1792 г. фактычна адверг гэты дагавор і пачаў новыя перагаворы з Іспаніяй.
Аляксандр Мак-Гіліўрэ выступаў як рэфарматар канфедэрацыі крык, садзейнічаў аб'яднанню плямён і стварэнню адзіных органаў кіравання, развіццю таварнай гаспадаркі і гандлю. Быў чальцом ордэна масонаў. Валодаў прыватнай сядзібай, плантацыямі і рабамі на поўначы Фларыды.
Памёр 17 лютага 1793 г. у сваёй сядзібе ад інфекцыйнай хваробы.
Зноскі
Спасылкі