У пачатку 1960-х гадоў з поспехам дэбютаваў на Брадвеі, за адзін з першых жа спектакляў быў удастоены прэміі «Тоні». У драме «Дачакайся цемры» сыграў псіхапатычнага катавальніка гераіні Одры Хепбёрн. За ролю лейтэнанта Розанава ў камедыі «Рускія ідуць! Рускія ідуць!» (1966) атрымаў прэстыжную прэмію «Залаты глобус» і першую намінацыю на «Оскар».
У 1972 годзе Аркін кіраваў першай пастаноўкай п’есы Ніла Саймана «Комікі», якая стала з часам брадвейскай класікай. Таксама апублікаваў некалькі дзіцячых аповесцей у жанры фэнтэзі. Здымаўся ў мностве фільмаў розных жанраў — ад культавай «Хітрыкі-22» (1970) да макабрычнай казкі «Эдвард Рукі-нажніцы» (1990).
У 1985 годзе ён выканаў дзве песні ў альбоме Бена Бэглі Contemporary Broadway Revisited.
У 2007 годзе з трэцяй спробы выйграў прэмію «Оскар» за ролю неабыякавага да порна і гераіну дзеда ў фільме «Маленькая міс Шчасце», абышоўшы свайго бліжэйшага суперніка Эдзі Мёрфі. У 2013 годзе роля аўтарытэтнага кінапрадзюсара Лестэра Сігела ў трылеры Бена Афлека «Аперацыя „Арго“» прынесла Аркіну новыя намінацыі на прэміі «Оскар», Гільдыі кінаакцёраў ЗША, «Залаты глобус» і BAFTA.
Аркін выпусціў дзве кнігі мемуараў: «Імправізаванае жыццё» (2011) і «З майго розуму» (2018).
Зноскі
↑Alan Arkin // Internet Broadway Database — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.