У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам Берлін (значэнні).
Ірвінг Берлін (англ.: Irving Berlin), пры нараджэнні Ізраіль Бейлін (11 мая1888, Магілёў — 22 верасня1989) — амерыканскі кампазітар і паэт-песеннік, адзін з «вялікай пяцёркі» амерыканскіх кампазітараў ХХ ст. (разам з Д. Гершвінам, Дж. Кернам, Р. Роджэрсам і К. Портэрам). Аўтар не менш за 700 песень, напісаў музыку для 13 драматычных спектакляў і 7 кінафільмаў.
Біяграфія
Ізраіль Бейлін быў малодшым з васьмярых дзяцей у сям’і сінагагальнага кантара Майсея Бейліна (1848—1901)[9] і Леі Ліпкінай (1850—1922),[10] выхадцаў з ТалачынаМагілёўскай губерні, цяпер у Беларусі.[11][12][13] Старэйшыя дзеці ў сям’і нарадзіліся ў Талачыне, найстарэйшы брат будучага кампазітара заставаўся ў горадзе пасля эміграцыі астатніх членаў сям’і.[14] Часам лічыцца, што Ірвінг Берлін нарадзіўся ў Цюмені[15][16]. У сваіх інтэрв’ю 1930—1940 гадоў І. Берлін распавядаў, што з’явіўся на свет ў Магілёве[17][17][18]. Калі Стывен Спілберг у 1980-х гадах задумаў здымаць фільм пра І. Берліна і сустракаўся дзеля гэтага з кампазітарам, той нечакана распавёў, што насамрэч ён родам з Табольска[19].
Неўзабаве пасля нараджэння будучага кампазітара сям’я пераехала ў Табольск. Адтуль Бейліны праз порт Антверпена на караблі «Rhynland» адправіліся ў Нью-Ёрк, куды прыбылі 14 верасня 1893 года.
Вырас на Манхэтэне, у раёне Іст-Сайд (англ.: East-Side), дзе жыло шмат эмігрантаў з Расіі і Усходняй Еўропы.
Не меў музыкальнай адукацыі і спачатку складаў музыку, нават не валодаючы нотнай граматай і не ўмеючы граць на фартэпіяна. Першую песню запісаў у 19 гадоў. Першая мелодыя, якая прынесла яму сусветную славу, «Александр рэгтайм бэнд» англ.: Alexander Ragtime band, з’явілася ў 1911 г. З 1914 г. піша мюзіклы і музыку для драматычных спектакляў, з 1930 г. — музыку для кінафільмаў. Практычна кожны са спектакляў і фільмаў даў свету ад аднаго да чатырох «хітоў».
Сярод найбольш вядомых твораў: песня «Божа, блаславі Амерыку» (англ.: God Bless America), якая лічыцца другім, неафіцыйным гімнам ЗША пасля выканання на прэзідэнцкіх выбарах у 1940 г.; песня «Puttin on the Ritz» (1929) — «неафіцыйны гімн Галівуда»; балада «Белыя Каляды» (англ.: White Christmas) з фільма «Курортная гасцініца» (англ.: Holiday Inn) (1942), якая трапіла ў кнігу рэкордаў Гінэса як самая тыражаваная ў свеце (100 млн дыскаў) і стала адным з культавых сімвалаў калядных святаў у Амерыцы.