У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Сацункевіч.
Іва́н Ляво́навіч Сацунке́віч (28 кастрычніка 1904, вёска Маконь, Ігуменскі павет, Мінская губерня, цяпер Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці, злілася з в. Раваніцкая Слабада — 18 красавіка 1989) — беларускі дзяржаўны дзеяч, эканаміст, дырэктар БДІНГ у 1935—1936 гадах, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху на Міншчыне ў Вялікую Айчынную вайну.
Біяграфія
У 1926 годзе скончыў рабфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1931 скончыў прамысловае аддзяленне факультэту народнай гаспадаркі БДУ па спецыяльнасці інжынер-эканаміст па дрэваапрацоўцы. Займаўся ў аспірантуры і працаваў намеснікам дырэктара па вытворчым навучанні Планава-эканамічнага інстытута. З 1934 працаваў дэканам ФЭФ БДІНГ, а з снежня 1935 дырэктарам БДІНГ. У 1936 адкліканы Дзяржпланам для працы ў планавыя органы. З 1939 першы сакратар Заслаўскага райкама партыі, сакратар Мінскага абкаму партыі па прамысловасці.
У лютым 1942 года арганізаваў партызанскі аддзел «Разгром», стаў арганізатарам партызанскага руху ў Койданаўскім, Рудзенскім, Пухавіцкім, Чэрвеньскім, Мінскім і іншых раёнах Мінскай вобласці. З 3 кастрычніка 1942 да 15 сакавіка 1943 года ўзначальваў Мінскі падпольны міжрайкам КП(б)Б і партызанскае злучэнне Мінскай зоны, 16 лістапада 1942 — сакавік 1943 — член Мінскага падпольнага абкому КП(б)Б.
З сакавіка 1943 года камісар лёгкай прамысловасці БССР у Маскве. У 1946—1953 гадах наркам, затым міністр лёгкай прамысловасці, да 1965 года — начальнік галоўнага кіравання рыбнай прамысловасці пры Саўміне БССР.
На XIX і XX з’ездах КП(б)Б абіраўся кандыдатам у члены ЦК КП Беларусі. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР другога склікання ў 1947—1951. Узнагароджаны трыма ордэнамі, у тым ліку ордэнам Леніна. Аўтар кнігі «Суровая быль» (2-е выданне, 1979).
Зноскі
Літаратура
Спасылкі