Японская група (грэч.Ὀμάς Ἰαπώνων) — неафіцыйная назва палітычнай групоўкі ў Парламенце Грэцыі ў 1906—1908 гадах.
Назва
Група была створана ў чэрвені 1906 года пасля парламенцкіх выбараў у тым жа годзе. Неафіцыйную назву ёй даў журналіст Уласіс Гаўрылідыс у артыкуле, апублікаваным у газеце «Акропаліс» 10 (23) лютага 1907 года, дзе ён параўнаў іх імпэт з напорлівасцю японскіх жаўнераў падчас нядаўняй тады руска-японскай вайны.
Удзельнікі
Удзельнікамі групы былі:
Стэфанас Драгуміс, дэпутат ад прэфектуры Атыкі і Беотыі, партыя Харылаоса Трыкупіса.
Дымітрыяс Гунарыс, незалежны дэпутат ад Патры, першапачаткова балатаваўся ад партыі Георгія Тэатокіса.
Петрас Протапападакіс, дэпутат ад Кікладаў, партыя Тэадора Дылігіяніса.
Хараламбас Возікіс, незалежны дэпутат ад Кінурыі, першапачаткова балатаваўся ад партый Дылігіяніса і Александраса Заіміса
Апосталас Александрыс, незалежны дэпутат ад прэфектуры Кардыца, упершыню абраны ў 1906 годзе.
Эмануіл Рэпуліс, дэпутат ад прэфектуры Эрміяніда, партыя Дылігіяніса.
Андрэас Панагіятопулас, дэпутат ад Эоліі.
Пажылы Георгіяс Феатокіс быў ганаровым кіраўніком групы, але ейным сапраўдным рухавіком стаў Дымітрыяс Гунарыс — малады праўнік, які атрымаў адукацыю ў Францыі і Германіі і быў пад уплывам свайго досведу сацыяльнае заканадаўства Бісмарка[1]. Пратапападакіс быў інжынерам. Цягам усёй сваёй палітычнай кар’еры ён заставаўся набліжэйшым паплечнікам Гунарыса. Возікіс быў адметны тым, што быў абраны ў парламент ва ўзросце ўсяго 27 гадоў[2].
У склад групы ўваходзілі сябры розных партый і палітычных кірункаў. Гэта перашкодзіла іх аб’яднанню ў асобную палітычную партыю. Зрэшты, самі сябры Японскай групы ніколі не зрабілі сур’ёзнага высілку аб’яднацца ў сапраўднай масавую партыю, галоўнай прычынай чаго было нежаданне Гунарыса браць на сябн ролю лідара.[2]
Мэты
Асноўнай заклапочанасцю «японцаў» быў палітычны крызіс у Грэцыі, да якога прывялі дзяржаўнае банкруцтва 1893 года, параза ў грэка-турэцкай вайне 1897 года і ўвядзенне міжнароднага фінансавага кантролю пасля. «Японцы» крытыкавалі палітычны клас і бясплённае чаргаванне партый. Яны прапанавалі радыкальныя праграмы мадэрнізацыі і прытрымліваліся эгалітарнай і антыкарупцыйнай рыторыкі, накіраванай на адстойванне маральных каштоўнасцей.
Роспуск
Група спыніла сваё існаванне, калі ў чэрвені 1908 года прэм’ер-міністр Георгіяс Феатокіс прапанаваў пасады міністраў урада Гунарысу, Пратапападакісу і Рэпулісу, якія першыя два прынялі. Гунарыс стаў міністрам фінансаў, але ў выніку жорсткай крытыкі яго былымі паплечнікамі падчас абмеркавання бюджэту ён падаў у адстаўку.
Нягледзячы на фармальную няўдачу, Японская група стала прадвеснікам палітычных рэформ пасля Афінскага паўстання 1909 года і прыходу да ўлады Элефтэрыяса Венізеласа.