Выхоўваўся пры двары Мікалая Радзівіла, магчыма, як і яго патрон, вызнаваў кальвінізм. У 1553 годзе Радзівіл Чорны, едучы ў пасольства да аўстрыйскага двара Фердынанда Габсбурга, бярэ з сабой дваццацігадовага Юрыя Ільініча. У выніку візіту Ільініч 10 жніўня таго ж года атрымлівае графскі тытул як удадальнік замка.
Фрагмент даравальнай граматы прыводзіць у сваіх «Вандроўках» Уладзіслаў Сыракомля, памылкова датуючы яе 1555 годам: «Яго замак Мір і ўсю адміністрацыйную акругу з усёй маёмасцю мы ўзводзім на ступень графства, гэта званне надаём самому Юрыю Ільінічу, яго дзецям, нашчадкам і законным спадчыннікам разам з усімі іх дзецьмі абодвух полаў, цяперашнімі і тымі, якія народзяцца, ад сённяшняга дня і ва ўсе будучыя часы, называючы іх ад гэтага графства замка Мір графамі».
Не маючы жонкі і дзяцей, Юрый Ільініч большую частку жыцця правёў пры нясвіжскім двары Радзівілаў; калі ж у 1565 годзе Мікалай Чорны памёр, Ільініч зрабіўся апекуном яго дзяцей. Маючы слабае здароў'е і ў прадчуванні блізкай смерці, Ільініч ён 25 жніўня1568 года складае завяшчанне, па якому галоўным спадчыннікам згаслага роду Ільінічаў робіцца старэйшы сын Радзівіла Чорнага — Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. У 1569 годзе Юрый Ільініч памірае ў Бярэсці. Мірскае графства разам з замкам пераходзіць пад уладу Радзівілаў.