Выхаванец мінскай СДЮШАР-5, з 2006 года гуляў за дубль барысаўскага БАТЭ. Другую палову сезона 2009 правёў у арэндзе ў «Смаргоні». У 2010—2012 гадах гуляў за жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ».
У сакавіку 2013 года перайшоў у «Слуцк»[2], але ў ліпені 2013 года пакінуў гэты клуб[3] і перайшоў ва ўзбекскую «Бухару», дзе замацаваўся ў асноўным складзе.
У канцы студзеня і пачатку лютага 2014 года знаходзіўся на праглядзе ў салігорскім «Шахцёры», але не падышоў[4]. У выніку сезон 2014 пачаў у складзе наманганскага «Наўбахора»[5].
У жніўні 2015 года вярнуўся ў Беларусь, стаўшы іграком першалігавай «Іслачы»[6]. Разам з камандай выйшаў у Вышэйшую лігу. У сезоне 2016 звычайна гуляў у асноўным складзе «Іслачы» на пазіцыі цэнтральнага абаронцы. Да сезона 2017 рыхтаваўся разам з «Іслаччу», аднак перад пачаткам чэмпіянату не трапіў у заяўку і пакінуў каманду.
У ліпені 2017 года далучыўся да наваполацкага «Нафтана». Дэбютаваў за новы клуб 31 ліпеня ў матчы супраць «Слуцка», дзе забіў гол пасля падачы вуглавога, чым прынёс «Нафтану» перамогу з лікам 1:0. У выніку замацаваўся ў аснове навапалачан, выступаў на пазіцыях цэнтральнага абаронцы і апорнага паўабаронцы. У кастрычніку 2017 года па выніках справы аб дагаварных матчах быў прысуджаны да штрафу ў 11,5 тысяч рублёў[7].
У студзені 2018 года далучыўся да «Смалявічаў»[8]. У складзе каманды ўдзельнічаў у таварыскіх матчах, аднак у лютым 2018 года па выніках справы аб дагаварных матчах атрымаў ад Дысцыплінарнага камітэта АБФФ пажыццёвую дыскваліфікацыю[9], пасля чаго пакінуў «Смалявічы»[10].
Пасля прысуду ад АБФФ некаторы час працаваў сцюардам на матчах «Смалявічаў», таксама спрабаваў працаўладкавацца ў чэмпіянатах Малдовы і Арменіі[11].
Міжнародная кар’ера
Гуляў за моладзевыя і алімпійскую зборныя Беларусі.