Цырыманіяльнае графства Шропшыр займае тэрыторыю 3487 кв. км (13-е месца) і мяжуе на захадзе з Уэльсам, на поўначы з цырыманіяльным графствам Чэшыр, на ўсходзе з цырыманіяльным графствам Стафардшыр, на паўднёвым усходзе з цырыманіяльным графствам Вустэршыр, на поўдні з цырыманіяльным графствам Херэфардшыр.
Цырыманіяльнае графства Шропшыр складаецца з палітычна незалежных адна ад адной унітарных адзінак Шропшыр і Тэлфард і Рэкін.
Унітарная адзінка Шропшыр займае тэрыторыю 3197 кв. км (14-е месца) і яе межы амаль цалкам супадаюць з межамі цырыманіяльнага графства, за выключэннем таго, што на паўночным усходзе ўнітарная адзінка Шропшыр мяжуе з унітарнай адзінкай Тэлфард і Рэкін.
Суднаходнай ракой Северн графства падзелена на дзве часткі: паўночную, раўнінную, апрацаваную пад раллі, і паўднёвую, пагорыстую, больш прыдатную для жывёлагадоўлі[1].
У паўднёвай частцы праходзяць горныя ланцугі Лонг-Мінд (617 м) і Клі-Гільс (550 м). У цэнтры графства гара Врэкін (377 м)[1].
Дэмаграфія
На тэрыторыі цырыманіяльнага графства Шропшыр пражывае 449 тыс. чалавек (42-е месца сярод неметрапольных графстваў; даныя 2004 г.), пры сярэдняй шчыльнасці насельніцтва 129 чал./км².
Адміністрацыйны падзел
У складзе графства да 2009 года было вылучана 5 адміністрацыйных раёнаў і адна ўнітарная адзінка.
Пасля рэформы 2009 года, 5 адміністрацыйных раёнаў неметрапольнага графства ператвораны ва ўнітарную адзінку Шропшыр. Такім чынам у наш час цырыманіяльнае графства Шропшыр уключае дзве ўнітарныя адзінкі, а неметрапольнае графства было скасавана.
Цырыманіяльнае графства Шропшыр не мае адзінага органа муніцыпальнай улады. Улада падзелена паміж незалежнымі адзін ад аднаго саветамі ўнітарных адзінак Шропшыр і Тэлфард і Рэкін.
Савет унітарнай адзінкі Шропшыр складаецца з 74 дэпутатаў, абраных у 63 акругах. У выніку апошніх выбараў 52 месцы ў савеце займаюць кансерватары[2].