Размяшчэнне Кента між Лонданам і кантынентам стала прычынай таго, што графства было арэнай розных канфліктаў, у тым ліку і бітвы за Брытанію ў часе II сусветнай вайны. Усходні Кент нават атрымаў у той час мянушку Куток пякельнага полымя.
Кент таксама шырока вядомы як «сад Англіі» — назва, якая часта ўжываецца для раскруткі рэгіёна альбо яго прадукцыі[1] — з-за багацця садоў і хмелевых плантацыяў. На паўночным захадзе Кента існуюць прадпрыемствы па вытворчасці цэменту, паперы, авіяцыйная прамысловасць, але апошнім часам яны скарачаюцца. Большая частка Кента выкарыстоўваецца як тэрыторыя-сатэліт Лондана. Паўднёвы і ўсходні Кент арыентуюцца на турызм і сельгасвытворчасць.
Гісторыя
Яшчэ да часоў Цэзара значная тэрыторыя на поўдні Брытаніі, якая ўключае Кент, была заваявана адным з плямёнаў бельгаў, што з’явіліся з Галіі. Ад гэтага перыяду захаваліся выдатныя друідычныя помнікі каля Гілсфарда, роўна як і шматлікія земляныя збудаванні, умацаванні, каменныя кругі і выбоіны ў беразе, на якія ў наш час прынята глядзець як на старажытныя крэйдавыя шахты.
Мясцовасць, дзе высадзіўся Цэзар, была, паводле агульнага меркавання, часткай берага паміж Вальмерам і Танетам. Дарога ў Durovernum (Кентэрберы) падзялялася на дзве, з якіх адна ішла ў Portus Lemanis (Лімн), а іншая — у Regulbium (Рэкольвер). Сляды першай дарогі дагэтуль яшчэ добра захаваліся на ўсім яе працягу, але земляробчая культура цалкам знішчыла сляды другой. Захаваліся таксама шматлікія рэшткі ад рымскіх крэпасцей у Дуўры, Рычбара і Рэколверы, шмат слядоў рымскіх віл; часткі рымскіх пабудоў ужыты пры будаўніцтве цэркваў і іншых будынкаў. З рэчаў рымскага перыяду знойдзена велічэзная колькасць глінянага посуду, чырвонага і чорнага, свінцовыя труны, старанна арнаментаваныя, шкляны і бронзавы посуд.
Першыя англасаксы, якія з’явіліся ў Кенце пад правадырствам Хенгіста і Хорсы, заснавалі тут каралеўства. У 597 годзе Кентэрберы стаў хрысціянскай мітраполіяй вострава. Усходняя і заходняя частка Кента знаходзіліся, відаць, большай часткай пад уладай розных каралёў. З гэтага перыяду гісторыі Кента галоўнымі археалагічнымі помнікамі з’яўляюцца могільнікі, у якіх знойдзены вельмі разнастайныя рэшткі. У 823 годзе Кент быў далучаны Эгбертам да каралеўства заходніх саксаў (Уэсэкс).
У IX, X і XI стагоддзях Кент моцна пацярпеў ад спусташэння датчанамі. Пасля заваявання нарманамі, ён быў падораны Вільгельмам I яго брату Адону.
Плато Блекхіт у графстве Кент з’яўляецца памятным у гісторыі Англіі; тут у 1384 годзе Уот Тайлер збіраў паўстанцаў з сялян, жыхароў Кента, для паходу на Лондан.