Да сярэдзіны ХХ стагоддзя на месцы сучаснай Чыжоўкі знаходзілася аднайменная вёска, калгасныя палі і фруктовыя сады. У 1951 годзе для забеспячэння вадой ТЭЦ-3 на Свіслачы было створана Чыжоўскае вадасховішча. На яго высокім беразе з’явіўся пасёлак калгаса Зацішша.
Праектаванне новага мікрараёна адбывалася ў пачатку 1960-х гадоў, будаўніцтва пачалося ў 1964 і працягвалася амаль дзесяць гадоў. Згодна з планамі архітэктараў «Мінскдзяржпраекта» — Р.Арцемчыка, Л.Архангельскай, Е.Заслаўскай, А.Шэлякіна — было ўзведзена 6 «Чыжовак», разлічаных на 62 000 чалавек. Паміж 1-й і 5-й Чыжоўкамі была пакінута старая прыватная забудова, што захавалася дасюль. У 1967 годзе да юбілею беларускай сталіцы ўздоўж Чыжоўскага вадасховішча быў разбіты парк, які атрымаў імя 900годдзя Мінска. У 1969 над Свіслаччу быў перакінуты аўтамабільны мост, што злучыў вуліцы Ташкенцкая і Кабушкіна, а Чыжоўку — з Партызанскім праспектам. У тым жа годзе ў новы мікрараён выправіўся першы тралейбус з 16-м нумарам.
Грамадскі цэнтр раёна архітэктары размясцілі паміж Ташкенцкай вуліцай і Ташкенцкім праездам: ён уключаў у сябе кінатэатр Дружба (1974), дом быту, паліклініку, дзіцячую бібліятэку (1982), рынак. Кінатэатр быў пабудаваны паводле тыповага, але вельмі рэдка выкарыстоўваемага праекта ЦНДІЭП імя Мезенцава. У тандэме з кінатэатрам у будынку працавалі кавярня і танцзала. Даволі арыгінальны праект бібліятэкі (архітэктары Чадовіч — Ладкін) атрымаў усесаюзную прэмію УЛКСМ. Цэнтр застаўся незавершаным — так і не быў пабудаваны запланаваны «блок грамадскага харчавання».
У глыбіні Чыжоўкі-2 дзятву сустракала кафэ «Космас» з фантастычнымі інтэр’ерамі і нават светлавой дарожкай, квадраты якой запальваліся, калі на іх наступалі.
У 1984 на беразе Свіслачы з’явіўся заалагічны сад Мінскага аўтазавода — будучы Мінскі заапарк.
Воблік Чыжоўкі істотна змяніў Чэмпіянат свету па хакеі 2014 года. Для яго правядзення былі пабудаваны Чыжоўка-Арэна, гатэль «Арэна», адчынілі дзверы кавярні «Традыцыі» і «Дзіцячая». Вуліца Ташкенцкая і мост праз Свіслач былі расшыраны і ілюмінаваны. Падчас будаўніцтва Чыжоўка-Арэны апошнія дамы пасёлка Зацішша былі знесены, парк 900годдзя Мінска істотна прарэдзілі, забрукавалі, асвятлілі, упрыгожылі.
У пачатку 2018 года была знесена забудова вёскі Карзюкі, на аднайменнай вуліцы будуць узведзены шматпавярховыя панельныя дамы.
Чыжоўка-1. Для разбаўлення строю пяціпавярховікаў уздоўж Ташкенцкай вуліцы былі пастаўленыя 4 дзесяціпавярховыя гмахі серыі МК-9 з прыбудаванымі аб’ектамі гандлю і сацыяльна-бытавога абслугоўвання: дзічячае кафэ, сталоўка (цяпер кафэ «Традыцыі»), універсам (сённяшні ЗРПТ), цырульня, магазін «Піянер».
Чыжоўка-2
Чыжоўка-3. У гэтым раёне Чыжоўкі выкарыстоўваўся то жа прынцып разбаўлення пяціпавярховікаў гмахамі. У аснове аднаго з размясцілася крама мэблі. Да таго ж уздоўж вуліцы Галадзеда ад яе скрыжавання з Ташкенцкай паўстаў «дом-сцяна».
Чыжоўка-4
Чыжоўка-5
Чыжоўка-6. Тут у 2010-х з’явіўся першы ў Мінску арэндны дом.
Чыжоўка-7
Асаблівай арыгінальнасцю забудовы Чыжоўка пахваліцца не можа. Больш за палову жылога фонду складаюць тыповыя панельныя і цагляныя пяціпавярховікі, пастаўленыя ў сваёй масе «калонамі» адзін за адным — так званая «радковая забудова», папулярная ў 1960-х. Аднак, нягледзячы на невялікі асартымент праеткаў і дэталяў, у архітэктараў раёна атрымалася стварыць уздоўж асноўных чыжоўскіх вуліц хоць сціплы, але ансамбль.
Інфраструктура
Важнае месца ў прасторавай арганізацыі раёна займае размешчаны на скрыжаванні галоўных вуліц грамадскі цэнтр, які ўключае прадпрыемствы і ўстановы культурна-бытавога і камунальнага абслугоўвання (кафэ, бібліятэка, паліклініка, дом быту, універсам). Кінатэатр «Дружба», адкрыты ў 1974, ў 2012 праз нерэнтабельнасць быў закрыты і прададзены на аўкцыёне, у 2017 быў знесены.[1] Па стане на люты 2019 на месцы кінатэатра вядзецца будаўніцтва гандлёвага цэнтра.
У Чыжоўцы таксама пабудаваныя супермаркеты сетак Green, «Суседзі», «Еўраопт», «Віталюр» (з 2023 года «Санта»). Вялікая колькасць школьных і дашкольных устаноў. Маюцца гульнявыя клубы з азартнымі гульнямі.
У раёне маюцца 2 гасцініцы:
Гасцініца КАДМ сеткі BELMOTEL (вуліца Убарэвіча, 128/2, горад Мінск, 220077, Рэспубліка Беларусь);
Трохзоркавы гатэль «Арэна» (вуліца Ташкенцкая, 15, горад Мінск, 220077, Рэспубліка Беларусь).
На беразе Чыжоўскага вадасховішча фарміруецца вялікі зялёны масіў — Парк імя 900-годдзя Мінска. Паміж ім і Ташкенцкай вуліцай ў 2010—2013 гг.. да чэмпіянату свету па хакеі быў пабудаваны спартыўны комплекс Чыжоўка-Арэна, на рагу Ташкенцкай і Убарэвіча — трохзоркавы гатэль «Арэна». На поўначы раёна, паміж вуліцай Убарэвіча і ракой Свіслач, размешчаны Мінскі заапарк. Паміж Чыжоўкай-6 і вадасховішчам узнёсся храм Святога Георгія Перамаганосца.
У цяперашні час дзейнічаюць 2 бібліятэкі:
Бібліятэка № 11 (праезд Ташкенцкі, 3, горад Мінск, 220077, Рэспубліка Беларусь);
Дзіцячая бібліятэка № 9 (вуліца Убарэвіча, 44, горад Мінск, 220066, Рэспубліка Беларусь).
Вуліцы
Асноўнымі магістралямі масіва з’яўляюцца вуліцы Ташкенцкая і Галадзеда, што перасякаюцца пад прамым вуглом. На іх скрыжаванні сфармаваны грамадскі цэнтр раёна.
Галоўныя вуліцы:
Ташкенцкая — галоўная вуліца Чыжоўкі, па сутнасці, праспект. Назвай сваёй абавязаны Ташкенцкаму землятрусу 1966 года, дакладней, той дапамозе якую Беларусь аказала сталіцы УзССР.
Сувязь з іншымі часткамі горада ажыццяўляецца аўтобуснымі і тралейбуснымі маршрутамі. З дыспетчарскай станцыі «Чыжоўка» адпраўляюцца рэйсавыя аўтобусы ў Міханавічы. Вывадной станцыяй метро для жыхароў Чыжоўкі служыць станцыя Аўтазаводская. Адзін з планаў развіцця Мінскага метрапалітэна меў на ўвазе зрабіць Чыжоўку паўднёвай канцавой чацвёртай лініі.
Установа адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі» (вуліца Убарэвіча, 77, горад Мінск, 220096, Рэспубліка Беларусь).
Стэрэатыпы
У народнай свядомасці і гарадскім фальклоры Чыжоўка, нароўні з суседнімі Шабанамі і Серабранкай, разглядаецца як змрочны, алкагольны, пралетарскі і неэкалагічны раён.