Тытульны аркуш «Апісання Еўрапейскай Сарматыі». Кракаў . 1578
«Хроніка Еўрапейскай Сарматыі» [ 1] (польск. : Kronika Sarmacyey Europskiey ), або «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» (лац. : Sarmatiae Europeae descriptio ) — помнік гістарыяграфіі эпохі феадалізму . Складзена А. Гваньіні ў першай палове 1570-х гг. на лацінскай мове . «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі» стала першым творам, які пазнаёміў заходне-еўрапейскага чытача з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і зместам беларуска-літоўскіх агульнадзяржаўных хронік .
Заснавана на розных крыніцах, у тым ліку на беларуска-літоўскіх хроніках . Аўтар выкарыстаў таксама матэрыялы, сабраныя М. Стрыйкоўскім . У творы апісваюцца Польшча , Беларусь , Літва , Украіна , Расія , Татарыя і інш. краіны, прыводзяцца звесткі з грамадзянскай гісторыі , геаграфіі , пра побыт , звычаі і культуру народаў Еўропы , напрыклад, артыкул «Спосаб узорвання глебы і сяўбы на Белай Русі » і інш. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага выкладзена скарочана, пераважна паводле «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага » і Хронікі Быхаўца [ 1] .
Упершыню апублікавана ў 1578 годзе у Кракаве [ 1] аб'ёмам 203 аркушы , багата ілюстраваная. Была прысвечана каралю Стафану Баторыю . Складалася з чатырох частак, у якіх былі выкладзены гісторыя і геаграфія Польшчы , Літвы , Жамойці , Мазовіі , Інфлянтаў , Прусіі , Памераніі , Масковіі і Татарыі . Апісанне падзей было скончана на пахаванні Жыгімонта Аўгуста (1574).
Яшчэ тады Мацей Стрыйкоўскі абвінаваціў Гваньіні, што той прысвоіў сабе яго рукапіс і апублікаваў пад сваім прозвішчам. 14 ліпеня 1580 года кароль Стафан Баторый выдаў дакумент, якім пацвердзіў уласнасць Стрыйкоўскага на працу. Большасць гісторыкаў лічаць, што менавіта гэтая акалічнасць стала прычынай выезду Гваньіні ў Швецыю , і што толькі смерць Стрыйкоўскага (канец 1580-х—пач. 1590-х гг.) дазволіла Гваньіні бесперашкодна карыстацца працай ад свайго імя. Аднак «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» працягнула выдавацца ад імя Гваньіні.
Тытульны аркуш «Апісання Еўрапейскай Сарматыі». Шпаер . 1581
У 1581 у Спіры (Германія)[ 1] у друкарні Бернхарда Альбіна[ 2] выйшла 2-е, дапоўненае выданне; у 1583 надрукавана ў Італіі ў перакладзе на італьянскую мову [ 1] .
Тытульны аркуш «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі». Кракаў . 1611
На Беларусі і Украіне была вядома ў выданні на польскай мове (польск. : Kronika Sarmacyey Europskiey ; друкарня Мікалая Лоба[ 2] , Кракаў , 1611 , непасрэднай крыніцай для гэтай рэдакцыі паслужыла «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі » Стрыйкоўскага ), якое дапоўнена кароткім апісаннем Заходняй Еўропы , некаторых краін Блізкага Усходу , а таксама падзей у Польшчы , Вялікім Княстве Літоўскім і Расіі апошняй чвэрці XVI ст. [ 1] . Фаліянт (852 старонкі) складаецца з дзесяці частак-кніг, кожная з якіх мае асобны тытульны ліст, прадмову аўтара з прысвячэннем выдатным асобам Рэчы Паспалітай . Выданне вылучаецца насычаным шматлікімі гравюрамі афармленнем з выявамі гістарычных герояў і князёў , гербаў і батальных сцэн, бытавых замалёвак. У пачатку кнігі змешчаны партрэт і герб аўтара[ 2] .
У першай пал. XVII ст. перакладзена на беларускую мову . Паслужыла крыніцай для беларускіх і ўкраінскіх хронік і хранографаў XVII —XVIII стст. На яе спасылаецца Трафім Сурта ў прадмове да «Магілёўскай хронікі ».
Зноскі
Літаратура