У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Антановіч.
Уладзімір Баніфатавіч Антановіч (18 лютага (2 сакавіка) 1834, паводле іншых звестак 1830, с. Махноўцы, Бярдзічаўскі павет, Кіеўская губерня — 8 (21) сакавіка 1908) — украінскі гісторык, археолаг, этнограф, археограф; адзін з заснавальнікаў украінскай нацыянальнай гістарыяграфіі. Член-карэспандэнт Расійскай АН (1901). Дацэнт (1870), прафесар (1878) Кіеўскага ўніверсітэта.
Біяграфія
Скончыў у 1855 годзе медыцынскі факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, кароткі час працаваў урачом у Кіеўскай губерні. У 1860 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Пад уплывам прафесара М. А. Максімовіча і М. Дз. Іванішава прысвяціў сябе навукова-выдавецкай дзейнасці ў Кіеўскім цэнтральным архіве і Кіеўскай археаграфічнай камісіі. У 1863—1880 гадах галоўны рэдактар Часовай камісіі для разбору старажытных актаў у Кіеве. Доктарская дысертацыя — «Нарыс па гісторыі Вялікага княства Літоўскага да смерці Альгерда» (1878).
З 1870 года дацэнт, з 1878 года прафесар, з 1880 года дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта. Кіраўнік Гістарычнага таварыства Нестара-летапісца (з 1881).
Навуковая дзейнасць
На падставе пераважна ім самім выяўленых матэрыялаў напісаў шэраг навуковых даследаванняў, якія вылучаліся навізной фактычнага матэрыялу, самастойнасцю агульнай навуковай пабудовы: «Нарыс адносін польскай дзяржавы да праваслаўя і праваслаўнай царквы» («Очерк отношений польского государства к православию и православной церкви», Кіеў, 1866, 2 выд. Вільня, 1867), «Нарыс гісторыі Вялікага княства Літоўскага да сярэдзіны XV ст.» («Очерк истории Великого княжества Литовского до половины XV столетия», вып. 1, Кіеў, 1878) і інш.
Працы па гісторыі Украіны, Беларусі і Літвы пазней склалі зборнікі «Манаграфіі па гісторыі Заходняй і Паўднёва-заходняй Расіі» («Монографии по истории Западной и Юго-западной России», т. 1, Кіеў, 1885). Кіраваў выданнем «Архіў Паўднёва-Заходняй Расіі», выдаў некалькі тамоў з уступнымі манаграфіямі, якія выходзілі таксама асобнымі выданнямі: «Пра паходжанне шляхецкіх родаў у Паўднёва-Заходняй Расіі» («О происхождении шляхетских родов в Юго-Западной России», Кіеў, 1867), «Нарыс становішча праваслаўнай царквы ў Паўднёва-Заходняй Расіі паводле актаў (1650—1798)» («Очерк состояния православной церкви в Юго-Западной России по актам (1650—1798)», Кіеў, 1871) і інш.
Пад рэдакцыяй A. і К. Казлоўскага выдадзены «Граматы вялікіх князёў Літоўскіх з 1390 па 1569 год» («Грамоты великих князей Литовских с 1390 по 1569 год», Кіеў, 1868). Апублікаваў шэраг мемуарных і эпісталярных крыніц: «Дыярыуш» Ф. Еўлашоўскага (1866), запіскі Міхалона Літвіна «Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў» (1890).
Зноскі
Літаратура
- Антановіч Уладзімір Баніфатавіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Памяти члена-учредителя Исторического общества Нестора-летописца заслуженного ординарного профессора Владимира Бонифатьевича Антоновича (8 марта 1908 г.): С6. речей. Киев, 1909;
- Сын Украіны: Володимир Боніфатійович Антонович. Т. 1—3. Киів, 1997;
- Ульяновський В., Короткий В. Володимир Антонович: образ на тлі епохи. Киів, 1997 (змешчана бібліяграфія прац А.);
- Михальченко С. И. Киевская школа в российской историография (В. Б. Антонович, М. В. Довнар-Запольский и их ученики). М.; Брянск, 1997.
Спасылкі
| |
---|
Генеалогія і некрапалістыка | |
---|
|