Пабудаваны ў 1936 годзе па праекце А. Дзянісава і У. Вараксіна[1]. Да вайны меў адрас вул. Горкага, 21/52[2]. У будынку, дзе былі пераважна трох- і чатырохпакаёвыя кватэры, пасяліліся пераважна сем’і старшых афіцэраў РККА. Кватэры мелі ўсе магчымыя тым часам выгоды: каналізацыю, тэлефанізацыю і нават ванныя пакоі[3].
У кватэры № 24 жыў наркам асветы Ананій Дзякаў[3], арыштаваны дома 11 мая 1937 года. У кватэры № 2 -- беларускі пісьменнік і эканаміст Янка Нёманскі, арыштаваны дома 27 красавіка 1937 года. Паводле гісторыка Ірыны Варанковай, да 1941 года ў доме жыла артыстка Ларыса Александроўская[2].
Будынак адноўлены ў 1947 годзе[2]. Першы паверх займае прадуктовы магазін «Траецкі»[1].
Архітэктура
Вядомы беларускі архітэктар А. Воінаў не раз крытыкаваў дрэнную планіроўку ўнутраных памяшканняў[1]:
Самы вялікі па плошчы пакой аднесены ўглыб кватэры, і каб прайсці ў яго, трэба прайсці праз меншае па памерах жылое памяшканне. Разам з тым тут цікава вырашаны фасады, у якіх простымі сродкамі з ужываннем рознай па колеры і фактуры тынкоўкі і вертыкальных невялікага выступу пілястраў дасягнута высокая архітэктурна-мастацкая выразнасць.