Свята-Ушэсцеўская царква — праваслаўны храм у вёсцы Вялікая Мядзвядка Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Помнік народнага дойлідства. Размешчана на могілках.
Гісторыя
Пабудавана паміж 1776 і 1784 гадамі фундацыяй пана Францішка Яблонскага, з 1778 года суддзі гродскага наваградскага.
З візітацыі 1784 года:
Капліца Узнясення Гасподняга і пратэкцыі найяснейшай Дзевы Марыі ў в. Мядзвядзка ў каляцыі вяльможнага Францішка Яблонскага, суддзі гродскага наваградскага. Добра збудаваная, брусаваная, гонтай крытая, з двума вялікімі жалезнымі купаламі і крыжамі. Бабінец з 2-ма дзвярыма: на металічных завесах з унутраным замком, другія з драўляным засовам. Падлога і столь з тарчыц, вокнаў з дрэва зробленых шэсць. Хары і парэнчы перад алтаром упрыгожаны тачонымі балясінамі. Да царквы прымыкаюць дзве рызніцы на жалезных завесах. Вялікі алтар і два бакавыя сталярскай работы, таксама памаляваныя. У вялікім алтары ў Дзевы Марыі срэбная карона ды пара фіранак кітайчаных белых, менса маляваная, сталярскай работы, драўляны маляваны антыпендыум, тувальня з цыборыўмам сталярскай работы ў срэбнай скрыні пазалочанай, тры пары маляваных драўляных ліхтароў, шэсць пар лавак сталярскай работы. П. Фр. Яблонскі трымае капелана. Могілкі вакол царквы даволі значныя, неагароджаныя, з брусаванай званіцай, у якой два званы.
Пры царкве ў 1793 годзе існавала брацтва. У 1802 годзе ў царкве ахрышчаны Ігнат Дамейка (1802—1889).
Архітэктура
Працяглы прамавугольны ў плане зруб, накрыты двухсхільным дахам. Франтон даху на галоўным фасадзе прарэзаны 1-яруснай чацверыковай званіцай, чатырохсхільнае пакрыццё якой завершана макаўкай. Такой жа макаўкай завершаны вільчык вальмы над алтарнай часткай. Плоскасныя бакавыя фасады сіметрычна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі і брускамі-сцяжкамі ў прасценках. Плоскасць галоўнага фасада поясам-адлівам расчлянёна на 2 ярусы, 1-ы з якіх прарэзаны шырокім прамавугольным уваходным праёмам, 2-і — паўкруглай люкарнай.
У 2023—2024 гадах зроблены «сучасны» рамонт, які пагоршыў гістарычнае аблічча царквы.
-
Свята-Ушэсцеўская царква
-
Свята-Ушэсцеўская царква, 2024
-
Свята-Ушэсцеўская царква, 2024
Інтэр’ер
У малітоўнай зале перагародкай вылучаны вузкі прытвор, бакавая лесвіца якога вядзе на хоры.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі