Касцёл Святога Іосіфа пры лідскім кляштары піяраў пабудаваны ў 1797—1825 гадах[1]. На будаўніцтва храма 5000 рублёў ахвяраваў Павел I[1]. Кляштар зачынены ў 1832 годзе. Касцёл у 1842 годзе гарэў, у 1863 годзе перароблены на праваслаўную царкву Міхаіла Архангела, пасля Вялікай Айчыннай вайны ў 1960-я гг. будынак быў абсталяваны пад планетарый. У 1971 г. знесена мураваная брама.
Архітэктура
Мураваны храм-ратонда накрыты паўсферычным купалам, завершаны васьмігранным ліхтаром[1]. Да асноўнага круглага ў плане аб'ёму прылягаюць больш нізкія прамавугольныя ў плане аб'ёмы: прытвор з чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе і двухпавярховая сакрысція па восі ўсход-захад, невялікія рызаліты з поўдня і воўначы[1]. У дэкоры фасадаў выкарыстаны дарычны ордар. Порцік і рызаліты ўвянчаны трохвугольнымі франтонамі. Вокны прамавугольныя[1]. Унутры па перыметры залы размешчаны 8 пар дарычных калон. Побач з касцёлам размешчаны мураваныя аднапавярховы корпус кляштара і аднаярусная званіца.
Зноскі
↑ абвгдеЛазука Б.А.Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 342. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
Літаратура
Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993. — С. 263—264.
Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007. — С. 226—227.
Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 426. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.