Партыя «Свабодная Карэя» (кар.: 자유한국당 Чаюхангуктан) — кансерватыўная палітычная партыя правага толку ў Рэспубліцы Карэя, кіруючая партыя краіны. Назвы партыі з 1997 па 2012 — «Партыя вялікай краіны» (кар.: 한나라당 Ханнарадан), з 2012 па 2017 — «Партыя новых рубяжоў» (кар.: 새누리당 Сэнурыдан[1][2]).
Партыя была заснавана ў 1963 годзе пад назвай Дэмакратычнай рэспубліканскай партыі (кар.: 민주공화당), тады яе лідарам быў Пак Чонхі. Пасля забойства Пака новым лідарам стаў Чон Духван, які перайменаваў яе ў Дэмакратычную партыю справядлівасці (кар.: 민주정의당민주정의당). 9 лютага 1990 года яна злучылася з Дэмакратычнай партыяй уз’яднання і Новай дэмакратычнай рэспубліканскай партыяй, сфарміраваўшы Дэмакратычную ліберальную партыю. Новая назва «Партыя вялікай краіны» партыя атрымала ў лістападзе 1997 года.
Па выніках парламенцкіх выбараў 2004 года партыя пацярпела паражэнне, атрымаўшы толькі 121 месца з 299. Аднак ужо ў 2007 г. партыя адыгралася за паражэнне, паколькі на прэзідэнцкіх выбарах з буйной перавагай перамог кандыдат гэтай партыі Лі Мёнбак.
2 лютага 2012 года «Партыя вялікай краіны» вырашыла прыняць новае імя і надалей называцца «Партыя новых рубяжоў».
Пад гэтым імем яна атрымала перамогу на выбарах 2012 года, атрымаўшы 152 з 300 месцаў у парламенце[3]. На прэзідэнцкіх выбарах 2012 года ад партыі была вылучана Пак Кынхе.
На парламенцкіх выбарах 2012 года Пак Кынхе прывяла партыю да перамогі, і партыя атрымала большасць у парламенце (152 месцы з 300). Гэта павысіла ролю Пак Кынхе ўнутры партыі як кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах.
Выбары кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі новых рубяжоў прайшлі 20 жніўня 2012 года. Пак Кынхе перамагла сваіх супернікаў, атрымаўшы 83,97 % галасоў (86 589 з 103 118), і была выбрана кандыдатам у прэзідэнты ад партыі. На ўсенародных выбарах 19 снежня Пак Кынхе набрала 51,55 % галасоў выбаршчыкаў.
Дачка заўчасна загінулых ад рукі тэрарыстаў Пак Чонхі (забойца: Кім Джэгю) і Юк Ёнсу (забойца: Мун Сегван) стала першай у гісторыі Рэспублікі Карэя жанчынай-прэзідэнтам — інаўгурацыя адбылася 25 лютага 2013 года.
На выбарах у Нацыянальны сход 20-га склікання, якія адбыліся 13 красавіка 2016 года, пацярпела паражэнне. Лідар партыі Кім Мусон абвясціў пра сыход у адстаўку з пасады лідара партыі[4].
8 лютага 2017 года партыя вырашыла прыняць новае імя і надалей называцца «Свабодная Карэя»[5].
Зноскі