Сана (араб.صنعاء) — сталіца і найбуйнейшы горад Емена; на захадзе краіны ў міжгорнай даліне на вышыні 2400 метраў. 1,7 млн жыхароў (2004). Вузел аўтадарог, у тым ліку да порта Хадэйда на Чырвоным моры. Міжнародны аэрапорт. Прамысловасць: тэкстыльная, металаапрацоўчая, мэблевая, тытунёвая, кансервавая, абутковая. Буйны цэнтр саматужнай вытворчасці залатых, срэбраных, медных вырабаў, тканін. Універсітэт. Моцна пацярпеў ад землетрасення 1982 года.
Гісторыя
Вядома з 1 стагоддзя. Ролю палітычнага цэнтра пачала адыграваць у 6 стагоддзі. У Сярэднявеччы праз Сану праходзілі гандлёвыя шляхі з Эфіопіі і Індыі ў Міжземнамор'е. З сярэдзіны 7 стагоддзя Сана — рэзідэнцыя намеснікаў арабскіх халіфаў, з сярэдзіны 9 стагоддзя сталіца самастойнай дзяржавы Яфурыдаў. У 11-15 стагоддзях у складзе розных дзяржаўных утварэнняў Паўднёвай Аравіі. З сярэдзіны 17 стагоддзя рэзідэнцыя зейдзіцкіх імамаў Емена. У 1871 годзе зноў занята туркамі. У 1911 годзе горад захапіў імам Ях'я, які ў 1918 годзе зрабіў Сану сталіцай Еменескага каралеўства. У 1962-90 гадах сталіца Еменскай Арабскай Рэспублікі, з 1990 года — Емена.
Архітэктура
Старажытны горад складаецца з двух частак, якія ў плане складаюць васьмёрку. Ён абнесены сцяной вышынёй 9 метраў з паўкруглымі вежамі і шматлікімі брамамі. На стыку 2 гарадскіх тэрыторый — 7-павярховы палацавы комплекс (былы палац імама). У найбольш старажытнай частцы горада знаходзяцца цытадэль, караван-сарай, медрэсэ, рынкі, сярэднявечныя лазні, мячэці аль-Джама аль Кебір, ці Вялікая мячэць (7-12 ст.), Бакіліджэ (17 ст.). Разнастайнасцю вылучаецца жылая забудова: 3-7-павярховыя вежападобныя дамы з каменю і цэглы, пастаўленыя блізка адзін да данаго. Іх фасады з пабеленымі вапнай фрызамі аздоблены разнымі аркадамі, ажурнымі драўлянымі панэлямі, аконныя праёмы з каляровымі вітражамі. У заходняй частцы Саны (Садовы горад), пабудаванай у 17-20 стагоддзі, пераважаюць асабнякі з садамі, абнесеныя сценамі. Сучасныя будынкі спалучаюць традыцыйныя элементы з новымі тэхналогіямі і будаўнічымі матэрыяламі: Цэнтральны банк, Рэспубліканскі палац, Акадэмія паліцыі, гатэль «Таж Саба». Стары горад уключаны ў Спіс сусветнай спадчыныЮНЕСКА.
Сана́ // Географические названия мира: Топонимический словарь: Ок. 5000 единиц (руск.) / Е. М. Поспелов; Отв. ред. P. A. Агеева. — 2-е изд., стереотип.. — М.: Русские словари: ООО «Издательство Астрель»: ООО «Издательство ACT», 2002. — С. 578. — 512 с. — ISBN 5-17-001389-2 (ООО «Издательство ACT»), ISBN 5-271-00446-5 (ООО «Издательство Астрель»), ISBN 5-93259-014-9 (Издательство «Русские словари»).
Сана́ // Энциклопедический географический словарь (руск.). — М.: РИПОЛ классик, 2011. — С. 551. — 800 с. — (Словари нового века). — 5 000 экз. — ISBN 978-5-386-03063-6.