Рух за нацыянальную незалежнасць Латвіі (лат.: Latvijas Nacionālās Neatkarības Kustība, скарочана — РННЛ) — палітычная арганізацыя ў Латвіі, якая дзейнічала з 1988 года да сярэдзіны 1990-х гадоў[1].
Утварылася як радыкальнае крыло латвійскага нацыяналістычнага руху[2]. У адрозненне ад Народнага фронту Латвіі, які першапачаткова падтрымліваў ідэю большай аўтаноміі для Латвіі ў рамках СССР, прыхільнікі РННЛ з самага пачатку выступалі за абвяшчэнне незалежнасці. Лідарамі РННЛ былі Эдуардс Бэрклаўс, Алэксандрс Кірштэйнс, Андрэйс Крастыньш, Эйнарс Рэпшэ і Юрыс Добэліс.
Пасля таго, як Латвія зноў здабыла незалежнасць, РННЛ стала палітычнай партыяй і атрымала назву Нацыянал-кансерватыўная партыя. Партыя атрымала 15 месцаў з 100 на парламенцкіх выбарах 1993 года і стала ўплывовай апазіцыйнай партыяй. У тым жа годзе выставіла свайго кандыдата на пасаду прэм’ер-міністра краіны, Ёахіма Сіегэрыста, які саступіў толькі на адзін голас і атрымаў другое месца. РННЛ выйгралі муніцыпальныя выбары ў сталіцы Латвіі, Рызе ў 1994 годзе, але пасля гэтага папулярнасць партыі хутка згасла. Яна страціла палову сваіх месцаў у парламенце пасля выбараў 1995 года і ўрэшце злілася з Tēvzemei un Brīvībai (партыяй Айчыне і свабодзе), іншай правай партыяй з падобнымі паходжаннем.
Пасля ўваходжання ў альянс з партыяй «Айчыне і свабодзе», палітычнае аб’яднанне стала ўсё больш актыўна прасоўваць ідэі аб «латышскім» бачанні будучыні Латвіі. З боку кіраўніцтва партыі меў месца шэраг спрэчных заяў пра заахвочванне спажывання латвійскіх тавараў і папярэджанне пра магчымую небяспеку з боку нелатышоў[3].
У суседняй Эстоніі існавала арганізацыя з аналагічнымі мэтамі і практычна ідэнтычнай назвай — Партыя нацыянальнай незалежнасці Эстоніі.
Гл. таксама
Зноскі