Ужо напачатку эпохі Сярэднявечча сабор быў адной з найбольш вядомых цэркваў Даніі і служыў кафедральным саборам дыяцэзіі вострава Зеландыя, а з 1923 года — Роскільскай дыяцэзіі.
Сучаснаму сабору папярэднічалі прынамсі дзве царквы. Першая з іх, пабудаваная Харальдам Сінязубым, была драўлянай, аднак у XI стагоддзі яна была паслядоўна заменена адной ці двума каменнымі з траверціну. Каля 1080 года царква ўяўляла сабой трохнефную базіліку, пабудаваную біскупам Свенам Нурдманам.
У 1170 годзе біскуп Абсалон пачаў будаўніцтва цаглянай царквы ў раманскім стылі з доўгім і шырокім папярочным нефам, аднак пазней біскуп Петэрам Сунесанам змяніў канструкцыю сабора ў стылі французскай готыкі. Сучасная царква была скончана ў 1280 годзе, але з тых часоў кожнае стагоддзе ўносіла змены ў яе выгляд і ўнутранае ўбранне.
Да Рэфармацыі, распачатай у Даніі ў 1536 годзе, сабор быў каталіцкім, і меў апроч галоўнага алтара некалькі іншых, у тым ліку і ў прыбудаваных капэлах.
Пасля Рэфармацыі бакавыя алтары былі прыбраны. З гэтага часу ўсе дацкія каралі і амаль усе дацкія каралевы былі пахаваны ў саборы і прыбудаваных да яго каралеўскіх капэлах. У саборы маецца і некалькі пахаванняў, якія адносяцца да перыяду Сярэднявечча. Найбольш ушанаваным з іх з'яўляецца саркафаг каралевы Маргрэты Дацкай. Усяго ў саборы знаходзіцца 39 пахаванняў. Па волі апошняга караля Фрыдэрыка IX і яго жонкі Інгрыд для іх быў пабудаваны маўзалей за сценамі сабора.
Каралі і каралевы, пахаваныя ў мемарыяльным комплексе сабора