У 1972 годзе падпісана Міжнародная канвенцыя па ахове помнікаў сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. Каштоўныя прыродныя аб'екты і комплексы аб'яўляюцца помнікамі прыроды з прычыны іх нязначнай плошчы ці адасобленасці, што не дае магчымасці стварыць запаведнік або заказнік, ці бясшкодна перавесці помнік прыроды ў штучныя ўмовы. У шырокім сэнсе да помнікаў прыроды часам адносяць таксама запаведнікі, заказнікі, нацыянальны паркі, якія ўяўляюць сабой эталонныя ці унікальныя прыродныя ўтварэнні.
Беларусь
На Беларусі першыя спісы помнікаў прыроды зацверджаны ў 1923 і 1926 гадах. У 1963 годзе прынята пастанова аб ахове помнікаў прыроды. Вылучаюць помнікі прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння. Падзяляюцца на батанічныя помнікі прыроды, геалагічныя помнікі прыроды і гідралагічныя помнікі прыроды. Для кожнага помніка прыроды складаецца спецыяльны пашпарт, вызначаецца рэжым яго ўтрымання і меры аховы.