Асноўнымі задачамі былі развіццё беларускай мастацкай літаратуры праз узмацненне творчае працы сваіх сяброў, афармленне і замацаванне ў беларускай літаратуры пралетарскае ідэалогіі з удасканаленнем нацыянальнае формы. Значная ўвага аддавалася развіццю крытыкі, павышэнню прафесійнага ўзроўню і агульнаадукацыйных ведаў сяброў аб’яднання, беражліваму стаўленню да культурнае спадчыны. Наладжвала літаратурныя вечары, сустрэчы з рабочымі, ладзіла паездкі пісьменніцкіх дэлегацый у Ленінград, Харкаў, Кіеў і інш. Выступала за памяркоўныя адносіны і творчае супрацоўніцтва з іншымі літаратурнымі аб’яднаннямі савецкай Беларусі, імкнулася ўраўнаважыць крайнія тэндэнцыі ў літаратурным руху канца 1920-х — пачатку 1930-х гадоў. Аднак гэта не заўсёды атрымлівалася, праз неаднароднасць складу аб’яднання і розныя погляды ейных сяброў. Часта крытыка аб’яднання была непаслядоўнай і неаб’ектыўнай у ацэнцы з’яў.
Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 4. Накцюрн — Скальскі. — С. 344. — 742 с. — 9 500 экз.