Англа-кітайская вайна 1840-42 або першая «опіумная» вайна — агрэсіўная вайна Брытанскай імперыі супраць Кітая, каб захапіць рынак і дамагчыся палітычнага ўплыву на Кітай.
Зачэпкай да вайны стала знішчэнне кітайскім урадам вялікай партыі кантрабанднага опіуму, канфіскаванага ў замежных гандляроў. Летам 1840 года англійскія войскі блакіравалі з мора кітайскія парты, захапілі востраў Сянган (Ганконг) і ў жніўні 1842 года наблізіліся да Нанкіна.
Паводле Нанкінскага дагавора (1842) Англія атрымала востраў Ганконг, значную кантрыбуцыю, 5 партоў Кітая сталі адкрытымі для англійскага гандлю. Вайна была пачаткам ператварэння Кітая ў паўкаланіяльную дзяржаву.
Як сказаў кітайскі дыпламат Се Сяаюн: «пасля Опіумнай вайны 1840 года стары Кітай аказаўся пад пагрозай гібелі дзяржавы і знікнення нацыі. Людзі з высокімі ідэаламі і мараллю нястомна былі ў пошуку, але не здолелі карэнным чынам змяніць трагічны лёс кітайскай нацыі, якая падвяргалася ўціскам і здзекам»[1].