Як гісторыка-этнаграфічны рэгіён адпавядае асноўнаму масіву старажытнай Полацкай зямлі (полацкія крывічы).
Мясцовыя гаворкі Паазер'я складаюць групу паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы.
Гісторыя
Этнічная гісторыя Падзвіння налічвае больш за тысячу гадоў. На пачатку бронзавага веку (на мяжы III—II тыс. да н.э.) тэрыторыю Падзвіння засяляюць індаеўрапейцы. Адбываецца этнакультурнае ўзаемадзеянне з протабалцкім насельніцтвам, а таксама з фіна-уграмі. Паводле дадзеных археолагаў, у прыватнасці Г.В. Штыхава, ў V—XI стст. у рэгіёне адбываецца міграцыя славян і іх рассяленне сярод балцкага і фіна-ўгорскага насельніцтва[1].
Для Падзвіння разам з часткай Падняпроўя на працягу сярэдневякоўя і да 2-й палавіны XIX ст. захавалася этнаграфічная назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэрыторыю Беларусі.
Пасля 1917 г. і ўтварэння БССР усходняе Падзвінне аказалася ў складзе БССР; заходняя (левабярэжная) частка Падзвіння была ўз'яднана з БССР у 1939 г.
Гаспадарчыя заняткі
Традыцыйна-бытавая культура складвалася на працягу стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабеларускія рысы, так і спецыфіку мясцовых гістарычных і прыродных умоў.
Народная вытворчая практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі Ураджаю і іншае з улікам мясцовых прыродных умоў.
Палі апрацоўвалі з дапамогай мясцовага варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабнення камякоў.
Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для Паазер'я 2-рэбравых нахільных мялках.
Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі.
Асноўнай і найчасцей адзінай рабочай жывёлай у сялянскай гаспадарцы быў конь.
З канца XIX ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтр маслабойнай вытворчасці ў Віленскай губерні — Дзісенскі павет).
З развіццём капіталістычных адносін пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалтыйскія парты.
Мноства сялян ішло на будаўнічыя і земляныя работы: мясцовых каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесляроў можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі.
Паселішчы
Найбольш густа населеным здаўна было левабярэжжа Заходняй Дзвіны. На Паазер'і пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3—5 сядзіб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр, у баку ад вялікіх дарог.
Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных зямель, суседства з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы.
Невялікія вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Зімою ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі.
Найбольш пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гаспадарчыя памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыллёва-бытавы комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэгіёне).
На адлегласці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню.
Гумно ў мясцовым вызначэнні — комплекс гаспадарчых пабудоў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы і сена, азяродамі.
На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невялікі млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сялянскай гаспадаркі.
Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвён хвоі ці елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»).
Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-й палавіны 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.
Адзенне
Для традыцыйнага адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найбольш пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры.
З верхняга адзення апрача агульнабеларускіх світ і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор'е.
Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: льняныя спадніцы, разнаколерныя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл. Лепельскі строй).
Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жаночым адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна
спалучаліся з карункамі і мярэжкай.
У вышыўцы дамінаваў чырвоны колер, у набіванцы — сіні ці блакітны.
Кераміка
Кераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі.
Вусная творчасць
Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясцовая вусна-паэтычная творчасць і традыцыйная абраднасць. Побач з агульнабеларускімі каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраны тыя жанры, якія ў іншых рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомы, — валачобныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні.
Для песеннага фальклору Паазер’я ўласціва сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя.
Культура беларускай дуды
З Паазер’ем звязаная культура беларускай дуды. Па шматлікіх этнаграфічных і літаратурных звестках, дуда — найбольш пашыраны інструмент паўночнай часткі Беларусі, звязаны з Наддзвіннем. Месцы асаблівага пашырэння — Глыбоцкі край, Полаччына, Ушаччына, Лепельшчына, Гарадоччына і Барысаўшчына. Дуда сустракаецца ў іншых этнаграфічных рэгіёнах Беларусі, але не ў такой колькасці, як на Паазер’і. З гэтага рэгіёну паходзіць большая частка захаваных дуд, фотаздымкаў дудароў, а таксама этнаграфічных, гістарычных, літаратурных і сучасных запісаў пра бытаванне дуды.
Зноскі
↑Этнокультурные процессы Белорусского Подвинья (Витебщины) в прошлом и настоящем / А. Вл. Гурко [и др.]; науч. ред. А. Викт. Гурко ; Нац. акад. наук Беларуси, Центр исслед. белорус. культуры, языка и лит., Ин-т этнографии и фольклора имени Кондрата Крапивы. — Минск : Беларуская навука, 2017. С.3