Ніжні Ноўгарад (руск.: Нижний Новгород; з 1932 да 1990 — Горкі, руск.: Горький) — горад у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Ніжагародскай вобласці. Насельніцтва 1 255,2 тыс. чалавек (2011, 5-е месца ў Расіі). Заснаваны ў 1221 годзе. Прамысловы, палітычны і адміністрацыйны цэнтр Прыволжскай федэральнай акругі. Размешчаны па берагах ракі Акі, у месцы яе ўпадзення ў Волгу, у цэнтры Рускай раўніны.
Пасля далучання да Маскоўскага княства ў 1392 годзе, мясцовыя князі ўзялі прозвішча Шуйскія і перасяліліся ў Маскву, дзе занялі важныя пасады і нават на некаторы час апынуліся на чале рускай дзяржавы (Васіль Шуйскі). Ніжні Ноўгарад выкарыстоўваўся як моцны апорны пункт у вайне з Казанскім ханствам. Моцны Крэмль з чырвонай цэглы, адна з найстарэйшых крэпасцяў у Расіі, быў пабудаваны ў 1508—1511 гадах пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара. Крэпасць здолела адолець татарскія аблогі ў 1520 і 1536 гадах.
У 1612 годзе «народнае апалчэнне» пад кіраўніцтвам мясцовага купца Кузьмы Мініна і князя Дзмітрыя Пажарскага разбіла і выгнала з Масквы польска-літоўскія войскі. Галоўная плошча горада перад крамлём названая ў гонар Мініна, сам ён пахаваны на тэрыторыі крэпасці.
У наступным стагоддзі горад служыў важным гандлёвым цэнтрам,. У 17 і 18 стагоддзях атрымаў развіццё адмысловы стыль у іконапісе і архітэктуры — Строганаўскі стыль.
Гандлёвы цэнтр
У 1817 годзе ў Ніжні Ноўгарад быў перанесены Макар’еўскі кірмаш, які пачаў прыцягваць мільёны наведнікаў штогод. У сярэдзіне 19 стагоддзя Ніжні Ноўгарад лічыўся гандлёвай сталіцай Расійскай імперыі. Развіваліся і іншыя галіны эканомікі, і напачатку 20 стагоддзя горад быў адным з эканамічных цэнтраў краіны. У 1909-17 гадах выдавалася газета «Казьма Мінін».
Пісьменнік Максім Горкі нарадзіўся ў Ніжнім Ноўгарадзе ў 1868 годзе. Яшчэ пры яго жыцці ўлады перайменавалі горад у Горкі, пасля вяртання пісьменніка ў СССР у 1932 годзе. Гістарычная назва была вернутая ў 1991 годзе.
У часы СССР горад быў закрыты для наведвання для забеспячэння сакрэтных ваенных распрацовак, якія вяліся на ніжагародскіх прадпрыемствах. Фізік і лаўрэат Нобелеўскай прэмііАндрэй Сахараў быў сасланы ў Горкі да 1986 года.
Ни́жний Но́вгород // Большой словарь географических названий (руск.) / Гл. ред. В. М. Котляков. — Екатеринбург: У-Фактория, 2003. — С. 450. — 832 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-94799-148-9.
Ни́жний Но́вгород // Географические названия Росии: Топонимический словарь: более 4000 единиц / Е. М. Поспелов. — М.: АСТ; Астрель, 2008. — С. 312. — 523 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-5-17-054966-5 (Аст), ISBN 978-5-271-20728-0 (Астрель).(руск.)
Горький; Ни́жний Но́вгород // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 135, 334. — 592 с. — 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.