Нагрудны знак у 1995—2020 гадах (злева) і з 2020 года (справа).
Наро́дны паэ́т Белару́сі — ганаровае званне, якое надаецца паэтам, якія стварылі выдатныя творы мастацкай літаратуры і маюць вялікія дасягненні ў развіцці беларускай літаратуры.
Заснавана згодна з Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 27 сакавіка 1956 года як «Народны паэт БССР». Пры гэтым званні Народнага паэта Беларусі нададзеныя Янку Купалу і Якубу Коласу паводле пастановы СНК БССР у 1925 і 1926 гадах адпаведна.
Ганаровае званне «Народны паэт Беларусі» прысвойваецца не раней як праз пяць гадоў пасля прысваення ганаровага звання «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь» паэтам за асаблівыя заслугі ў развіцці паэтычнай творчасці, стварэнне высокамастацкіх твораў, якія ўнеслі выдатны ўклад у айчынную літаратуру і атрымалі шырокае грамадскае прызнанне.
Нагрудны знак
У 1995—2020 гадах
У 1995—2020 гадах нагрудны знак уяўляў сабой роўнабаковы чатырохвугольнік з авальнымі вугламі, упісанымі ў круг дыяметрам 26 мм. У ніжняй яго частцы размяшчаўся вянок з дубовага і лаўровага лісця. Плошча знака мела рэльефную насечку ў радыяльным кірунку. У цэнтры знака знаходзілася рэльефная выява аркуша з тэкстам «Народны паэт Беларусі». Адваротны бок знака меў гладкую паверхню[1].
Знак пры дапамозе вушка і кольца злучаўся з калодкай шырынёй 20 мм і вышынёй разам з вушкам 18 мм. Калодка была абцягнута муаравай стужкай зялёнага колеру. У ніжняй частцы калодкі размяшчаўся надпіс «Рэспубліка Беларусь». Калодка ўніфікавана для трох відаў знакаў. Знак вырабляўся з тампака з пазалотай[1].
З 2020 года
Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2020 года быў зменены дызайн нагруднага знака «Народны паэт Беларусі». Цяпер ён уяўляе сабой шасціграннік дыяметрам 35 мм апісанай акружнасці, поле якога абрамляе вянок з пшанічных каласоў, абкручаных у ніжняй яго часткі сцёбламі васілька з кветкамі, пакрытымі эмаллю адпаведна зялёнага і сіняга колераў. У правай частцы поля шасцігранніка — фонавая плоская выява кветкі ў выглядзе народнай вышыўкі[2].
У цэнтры нагруднага знака ў два радкі размяшчаецца надпіс «Народны паэт Беларусі», выкананы рэльефам і пакрыты эмаллю сіняга колеру з пазалочаным борцікам. Элементы нагруднага знака злучаны паміж сабой штыфтамі. Адваротны бок нагруднага знака мае гладкую паверхню[2].
Нагрудны знак пры дапамозе вушка і кольца злучаецца з прамавугольнай калодкай, верхняя частка якой па гарызанталі абцягнута муаравай стужкай з палосамі чырвонага і зялёнага колераў шырынёй адпаведна 8 мм і 5 мм. У цэнтры ніжняй частцы калодкі — выпуклы малюнак Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь памерам 9 х 9 мм, справа і злева ад якога размешчаны беларускі арнамент. Пад выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь — дзве лаўровыя галіны. На адваротным баку калодкі знаходзіцца шпілька з замком для мацавання нагруднага знака да адзення. Памеры калодкі: шырыня 30 мм і вышыня разам з вушкам 28 мм[2].
Нагрудны знак і калодка вырабляюцца з латуні з пазалотай метадам чаканкі[2].
↑ абНародный поэт Беларуси(руск.)(недаступная спасылка). Государственные награды Республики Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2020. Праверана 14 студзеня 2020.