Міцкевіч на скале Аю-Даг — карціна Валянціна Ваньковіча, напісаная і ўпершыню выстаўленая ў 1828 годзе на выставе ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Гэтая карціна прынесла Ваньковічу вядомасць. Дзякуючы міцкевіцкай тэме Ваньковіч заслужыў ганаровае месца класіка ў польскім, літоўскім і беларускім мастацтве, паколькі апынуўся першым мастаком, які захаваў для нашчадкаў натхнёны вобраз стваральніка «Гражыны», «Свіцязі», «Пана Тадэвуша». Партрэт атрымаў такую папулярнасць, што Ваньковічу давялося выканаць некалькі маляўнічых копій, у тым ліку копію яму замовіў і сам герой карціны. Ваньковіч стварыў і ўдалы вобраз паэта для літаграфіі. Калі ў 1829 г. Ваньковіч вярнуўся ў Мінск, ён лічыўся ўжо вядомым мастаком, аўтарам «Партрэта А. Міцкевіча»[1].
Нагодай для стварэння карціны паслужыў вершаваны цыкл Адама Міцкевіча «Крымскія санеты» (1826) і асабліва васямнаццаты санет «Аюдаг», які пачынаецца радкамі:
Люблю, зачараваны, Аюдаг, табою
З вяршыні пазіраць, як чорнымі радамі
Ідуць валы, як потым срэбнымі снягамі
Яны ў мільённых пырсках ззяюць над вадою...
—Пераклад Ірыны Багдановіч
|
Партрэт набыў значэнне маніфесту рамантызму ў беларускім жывапісе. Ваньковіч дасягнуў у ім прафесійнай смеласці і прадэманстраваў непаўторную адоранасць[2].
Апісанне
Карціна намаляваная свабодным і лёгкім мазком, у адзінай плыні формы. Колеры някідкія і злучаюцца ў далікатныя гамы шматслойнага пісьма[2].
Фігура Адама Міцкевіча адлюстраваная ў профіль. Ён абапёрся локцем на выступ скалы і прытуліў руку да шчакі. Твар паэта падкрэслены густой фрызурай з завіткамі бакенбардаў. Партрэт пабудаваны на спалучэнні мяккіх, чулых і адначасна рашучых і мужных пачаткаў[3]. Мяккі выгіб шыі пераходзіць у форму жывога падбародка. Вусны шчыльна сцятыя.
Адзенне паэта складае элегантная светлая кашуля, пад каўняром якой і на грудзях павязаны шырокі шаўковы шаль, на плечы накінута каўказская бурка.
На выступе скалы за плячыма паэта паказваецца ліра, што, на думку Яўгена Шунейка, пераўтварае скалу Аю-Даг у міфалагічны Алімп і сімвалізуе талент Адама Міцкевіча[3].
Цікавыя факты
Некаторый час карціна захоўвалася ў карціннай галерэі Палацава-паркавага комплексу Манюшкаў у Смілавічах.
Зноскі