У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Ромер.
Міхал Піус Пасхаліс Ромер (польск.: Michał Pius Paschalis Römer, літ.: Mykolas Römeris; 25 красавіка (7 мая) 1880, в. Багдонішкі Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні, цяпер Панявежыскі павет Літвы — 22 чэрвеня 1945) — польскі і літоўскі вучоны, грамадска-палітычны дзеяч.
Паходжанне
З шляхецкага роду Ромераў, сын Міхала Казіміра Ромера (1845—1920) і Канстанцыі з Тукалаў (1847 — ?).
Адукацыя
Вучыўся ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве (1901—1902), Парыжскай школе палітычных навук (1902—1905).
Дзейнасць у Расійскай імперыі
У 1911—1915 гадах супрацоўнічаў з газетай «Наша ніва», член рэдакцыі віленскай газеты «Kurier Krajowy» («Краёвы кур’ер»; 1913). Узначальваў віленскую масонскую ложу «Літва». Станоўча ацэньваў грамадска-палітычны і культурны рух беларусаў і літоўцаў, абараняў яго ад нападак польскіх і рускіх шавіністычных колаў. Адзін з галоўных ідэолагаў ліберальна-дэмакратычнага крыла краёўцаў. У 1913—1915 гадах распрацаваў канцэпцыю новай Рэчы Паспалітай у выглядзе канфедэрацыі Польшчы і «гістарычнай Літвы» як самастойных і дэмакратычных дзяржаў. Для вырашэння гэтай задачы ў 1915 годзе далучыўся да легіёнаў Ю. Пілсудскага.
Незалежная Літва
У 1919 годзе па даручэнні апошняга вёў у Коўне перагаворы з літоўскім кіраўніцтвам пра стварэнне канфедэрацыі, але літоўскі бок не прыняў гэтую прапанову. У 1920 годзе асудзіў захоп Віленшчыны войскамі генерала Л. Жалігоўскага і ў знак пратэсту пераехаў у Літву. Прафесар права (1922) і рэктар Ковенскага (1927—1928, 1933—1939), прафесар Віленскага (1940—1945) універсітэтаў. У час нацысцкай акупацыі арганізоўваў у Вільні тайнае навучанне, падтрымліваў сувязь з рухам Супраціўлення.
Сям’я
У першым шлюбе (17 кастрычніка 1909) з Рэгінай з Ромераў (1882-?), дачкой Эдварда Матэвуша Ромера і Юзэфы з Чахоўскіх, меў дачку Цэліну (1910-?).
У другім шлюбе (23 красавіка 1938) з Ядвігай Чапайце (Čepaitė; 1905—1988). Дзеці:
- Канстанцыя (нар. 1938).
- Ядвіга (1940-?), у шлюбе з Вітаўстасам Віткаўскасам (нар. 1939) мела сына Дарыюса (нар. 1963).
- Жармена (1944-?), у шлюбе з Відасам Закаравічусам (нар. 1944) мела дачку Юліце (нар. 1969).
Творы
- Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego. — Lwów, 1908
- тое ж па-літоўску: «Lietuva. Studija apie lietuvių tautos atgimimą». ISBN 9955-601-94-9
- «Konstitucinės ir teismo teisės pasieniuose». ISBN 9986-9004-1-7
Ушанаванне памяці
У 2004 годзе Літоўскаму ўніверсітэту права ў Вільнюсе нададзена імя Ромера.
Крыніцы
- ↑ а б Michał Pius Romer // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
- ↑ а б The Fine Art Archive Праверана 1 красавіка 2021.
- ↑ а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
Літаратура
- Смалянчук, А. Краёвая ідэя і беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі ў 1920—1930-я гг. / А. Ф. Смалянчук // Homo Historicus 2012. Гадавік антрапалагічнай гісторыі / пад. рэд. А. Ф. Смаленчука. — Вільня: ЕГУ, 2012. — С. 380—405.
- Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
- Miknys, R. Wilno i Wileńszczyna w koncepcjach Michała Römera i krajowców / R. Miknys // Europa nieprowincjonalna. Non provincial Europe / red. Krystyna Kanecka. — Warszawa : Rytm, 1999. — S. 57—65.
- Sawicki, J. Michał Römer a problemy narodowościowe na ziemiach byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego / J. Sawicki. — Toruń : TNT, 1998. — 153 s.
- Міхал Ромер. Віленская прэса // Наша слова.pdf № 29 (81), 19 ліпеня 2023. // на pawet.net
Спасылкі
Міхал Піус Ромер — продкі |
---|
|
Генеалогія і некрапалістыка | |
---|
|