Мірны дагавор паміж Эфіопіяй і Эрытрэяй — пагадненне паміж Эфіопіяй і Эрытрэяй, падпісанае 9 ліпеня 2018 года ў горадзе Асмэра. Дакументам пакладзены канец шматгадовым памежным спрэчкам і пачата нармалізацыя двухбаковых адносін.
Перадгісторыя
У 1998—2000 гадах паміж краінамі вялася пагранічная вайна за шэраг спрэчных тэрыторый. 18 чэрвеня бакі спынілі баявыя дзеянні і дамовіліся аб усёабдымным мірным пагадненні, якое было падпісана 12 снежня. У дакуменце прапісана, што краіны павінны вырашыць тэрытарыяльную спрэчку праз міжнародны суд[1].
У наступны час міждзяржаўны канфлікт з фазы адкрытага супрацьстаяння перайшоў у закрыты. Бакі перанеслі акцэнт з хуткага ўрэгулявання на доўгатэрміновае рэгуляванне. Выкананне пытання аб заканчэнні тэрытарыяльнай спрэчкі зацягвалася[2]. Міжнародны арбітраж абавязаў бакі падзяліць спрэчную тэрыторыю прыкладна пароўну, але пасёлак Бадмэ, сімвал вайны, пакінуць за эрытрэйцамі[3].
У 2018 годзе ў Эфіопіі, па выніках выбараў, адбылася змена ўлады: партыя НФВТ была адхілена ад кіравання краінай, а ўрад узначаліў Абій Ахмед Алі[4].
Пагадненне
У ліпені новы прэм’ер-міністр Эфіопіі сустрэўся з прэзідэнтам Эрытрэі Ісаясам Афеворкі. Палітыкі дамовіліся аб аднаўленні дыпламатычных адносін паміж краінамі, пачатку супрацоўніцтва ў сферы палітыкі, эканомікі, культуры і бяспекі, а ўсе спрэчныя тэрыторыі пераходзілі эрытрэйцам. Міністр інфармацыі Эрытрэі заявіў, што падпісанне дэкларацыі азначыла заканчэнне стану вайны паміж дзвюма дзяржавамі[4][5][6][7].
Наступствы
У 2019 годзе Абій Ахмед Алі за падпісанне мірнага пагаднення стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
З пачатку канфлікту ў эфіопскім штаце Тыграй у лістападзе 2020 года Эрытрэя актыўна падтрымлівала федэральны ўрад Абія Ахмеда Алі ў барацьбе з паўстанцамі былой кіруючай партыі НФВТ.
Гл. таксама
Зноскі