Паводле пісьмовых крыніц, з XV ст. на Траецкай гары ў Мінску існавала драўляная царква. У 1630 г. Марына Вяжэвіч каля царквы заснавала жаночы базыльянскі манастыр. Першапачаткова ўсе пабудовы манастыра былі драўляныя. У 1799—1800 гг. узведзены мураваны манастырскі корпус (архітэктар Ф. Крамер). Аднак у 1809 г. на тэрыторыі манастыра адбыўся пажар, у выніку якога былі пашкоджаны манастырскія пабудовы. Аднаўленне манастыра адбывалася паводле праекта архітэктара М. Чахоўскага.
Дакладная дата закрыцця базыльянскага манастыра на Траецкай гары не вядома, але, відаць, гэта адбылося ў 1835 г. Вядома, што манашкі былі пераселены ў Мядзел. 15 мая1835 г. быў праведзены вопіс манастырскіх будынкаў і паводле высачайшага распараджэння манастыр з пляцам перададзены Прыказу грамадскай апекі. 22 чэрвеня 1835 г. пасля неабходных рамонтных работ у мураваным двухпавярховым былым манастырскім корпусе размясцілася гарадская бальніца на 40 ложкаў.
Мінская гарадская бальніца была заснавана ў 1799 г. (паводле іншых крыніц, у 1796 г.) і знаходзілася ў падпарадкаванні Прыказа грамадскай апекі. Бальніца размяшчалася ў спецыяльна пабудаваным драўляным будынку на 25 ложкаў па вул. Захар'еўскай (сучасны пр. Незалежнасці) на правым беразе р. Свіслач. У час вайны 1812 г. бальніцы былі нанесены значныя страты. У 1816 г. будынак бальніцы адноўлены, а ў 1835 г., як вышэй адзначана, яна пераведзена ў былы базыльянскі манастыр.
У той перыяд у Прыказа налічвалася некалькі богаўгодных устаноў, якія знаходзіліся ў розных месцах г. Мінска, што ўскладняла іх медыцынскае і гаспадарчае абслугоўванне. Таму ў 1839 г. было вырашана пашырыць бальніцу на Траецкай гары і перавесці туды шпіталь з былога кляштара баніфратаў, размешчанага на вул. Ракаўскай. З гэтай мэтай Прыказ грамадскай апекі набыў суседнія пляцы і такім чынам тэрыторыя гарадской бальніцы склала цэлы квартал (3468 кв. саж.). У тым жа 1839 г. быў праведзены рамонт у былым манастырскім корпусе. Аднак аднаго лячэбнага корпуса для богаўгодных устаноў Прыказа было недастаткова, таму ў 1840-я гг. побач з былым манастырскім корпусам пачалі будаваць два новыя мураваныя будынкі са службамі. Такім чынам, у 1847 г. было завершана будаўніцтва багадзельні і дома інвалідаў (для псіхічнахворых).
Паводле архіўнага дакумента, у 1862 г. мінская гарадская бальніца была разлічана на 70 ложкаў (па 35 мужчынскіх і жаночых), багадзельня на 100 ложкаў, у тым ліку аддзяленне для невылечнахворых — 10 ложкаў, састарэлых жанчын шляхетнага паходжання — 13 ложкаў, псіхічнахворых — 20 ложкаў. У 1862 г. багадзельня і дом інвалідаў былі адрамантаваны. Рамонтныя работы ў асноўным датычыліся афарбоўкі і пабелкі палат.
У 1876 г. пры аглядзе богаўгодных устаноў міністрам унутраных спраў былі зроблены заўвагі, што аддзяленне для псіхічнахворых, разлічанае на 20 ложкаў, не можа заставацца ў такім стане. У 1876 г. быў зацверджаны праект на перабудову дома, з разлікам размясціць 60 ложкаў. І ў 1877 г. да дома інвалідаў з абодвух бакоў былі зроблены прыбудовы.
Як вынікае з матэрыялаў даклада чарговага земскага схода за 1912 г., у 1885—1886 гг. гарадская бальніца з былога манастырскага корпуса была пераведзена ў будынак багадзельні, а багадзельня размясцілася ў манастырскім корпусе. Аднак і гэта не вырашыла ўсіх праблем, таму што новае памяшканне бальніцы было арганізавана па калідорнай сістэме, і калідор быў агульны з заразным аддзяленнем.
Паводле архіўных дакументаў, у 1889—1890 гг. у склад гарадской бальніцы ўваходзілі бальнічны корпус і будынак дома інвалідаў (аддзяленне для псіхічнахворых). Акрамя таго, існавалі тры флігелі, у якіх размяшчаліся кантора, кухня і памяшканне для служачых, стайня з лядоўняй і два складскія будынкі. На тэрыторыі бальніцы быў невялікі сквер. Бальнічны корпус быў мураваны, двухпавярховы, абаграваўся галандскімі печамі. Адна з палат была прыстасавана пад аперацыйную. У будынку меліся тры ванны, на тэрыторыі была асобная старая лазня. Вада прывозілася з р. Свіслач. Дом інвалідаў быў разлічаны на 40 ложкаў мужчынскіх і 20 жаночых. Пры будынку існаваў невялікі сад для псіхічнахворых. Будынак быў мураваны двухпавярховы, таксама абаграваўся галандскімі печамі, ванны адсутнічалі. Па статыстычных звестках, за год у бальніцы лячылася каля 700 чалавек. У штаце бальніцы былі два ўрачы, два фельдшары, чатыры сястры і дзевяць чалавек прыслугі.
XX стагоддзе
У 1904 г. мінская гарадская бальніца была перайменавана ў земскую, у сувязі з гэтым ад Прыказа грамадскай апекі перададзена ў падпарадкаванне Управе па справах земскай гаспадаркі. Вядома, што ў 1909 г. бальніца складалася з тэрапеўтычнага аддзялення на 46 ложкаў, заразнага — 36 ложкаў, хірургічнага — 38 ложкаў, псіхіятрычнага — 140 ложкаў, а ўсяго — 300 ложкаў. На тэрыторыі бальніцы знаходзіліся кватэра наглядчыка, агульная кухня, аптэка, лазня з пральняй, мураваны гаспадарчы будынак, стайня, вартоўня, біялагічная станцыя, лядоўня. Тэрыторыя была абнесена мураванай агароджай. У 1912 г. заразнае аддзяленне было закрыта.
Манастырскі корпус пасля рэканструкцыі — трлхпавярховы прамавугольны ў плане будынак з вялікімі падвальнымі памяшканнямі, накрыты вальмавым дахам. Знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы комплексу сучаснай бальніцы. Галоўны фасад сіметрычнай кампазіцыі. Цэнтр яго вылучаны плоскім шырокім рызалітам, быў завершаны атыкам (не збярогся). Першы паверх расшыты рустам. Планіроўка калідорная. Памяшканні першага і другога паверхаў перакрыты крыжовымі і цыліндрычнымі скляпеннямі.
Дом інвалідаў
Дом інвалідаў уяўляе сабой трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты вальмавым дахам. Размешчаны ў цэнтры комплексу. Галоўны фасад сіметрычнай кампазіцыі, падзелены на тры ярусыкарнізнымі цягамі. Аконныя праёмы аздоблены простымі ліштвамі. Планіроўка калідорная.
Багадзельня
Багадзельня ўяўляе сабой трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак. Размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы комплексу. Галоўны фасад вырашаны аналагічна з былым манастырскім корпусам. Планіроўка калідорная. Першы і другі паверхі перакрыты крыжовымі і цыліндрычнымі скляпеннямі.
Гаспадарчая пабудова
Гаспадарчая пабудова ўяўляе сабой аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам. Размешчаны ў заходняй частцы комплексу. Галоўны фасад вылучаны трохвугольным франтонам. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы.