«Мінск. 3 ліпеня 1944 года» — карціна беларускага мастака Валянціна Волкава, напісаная ў 1946—1953 гг. Памер карціны — 526,5 × 275 см. Захоўваецца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі[1].
Апісанне
На палатне адлюстраваны гераічны момант вызвалення Савецкай Арміяй Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У атмасферы ўсеагульнага парыву, узлёту эмоцый раскрываецца галоўная ідэя манументальнага твора. Акрамя тэмы вызвалення, тэмы патрыятызму і перамогі, гучыць у карціне тэма міру і пратэсту супраць вайны[2].
У аснову карціны пакладзены рэальныя падзеі, сведкам і ўдзельнікам якіх быў сам мастак. Заснаваная на ўражаннях мастака, карціна перадае адчуванне шчасця, якім былі абхоплены жыхары Мінска ў тую раніцу. Асноўнай задачай мастака было раскрыць адзінства народа — воінаў, партызан-падпольшчыкаў і цывільнае насельніцтва праз багацце індывідуальнасцяў, аб’яднаных адзінствам мэты[2].
Сонца на карціне ўжо ўзышло. На абсыпанай бітай цэглай, тынкоўкай, друзам вуліцы мноства людзей. Старыя, малыя, мужчыны і жанчыны з усіх бакоў абступілі савецкія танкі і матацыклы, якія толькі што тут з’явіліся. Кожны хоча хутчэй абняць вызваліцеляў, паціснуць ім руку[2].
Погляды людзей звернутыя да танкіста, які стаіць на вежы галаўнога танка, ускінуўшы руку з аўтаматам. Яго засівераны твар свеціцца шчаслівай усмешкай. Пажылы вусаты салдат-франтавік, нахіліўшыся з танка, паціскае руку мужчыну, жонка мужчыны працягвае франтавіку кветкі. Побач з імі дзяўчынка ў піянерскім гальштуку, які яна асцярожна захоўвала ўсе гады акупацыі[2].
Да салдата-дэсантніка з перавязанай галавой, якому паціскае руку рабочы ў карычневай куртцы, жанчына і падштурхоўвае дачку, каб тая паднесла кветкі. Трохі далей маладая жанчына ў блакітнай сукенцы з хваляваннем прыціскае руку да грудзі і ўважліва ўзіраецца ў твары танкістаў. Старая ў хустцы, якая спаўзла на плечы, падалася наперад, спрабуючы абняць салдата. Стары, які стаіць перад матацыклам радасна што размахвае кепкай. За матацыклістам, які ўжо прыняў кветкі, фігура салдата, які падняў на руках хлапчука ў сіняй кашулі[2].
У групе справа, у цені, стаіць фігура падпольшчыка з аўтаматам і чырвонай павязкай на рукаве. Маці, якую ён трымае за руку, цешыцца, што сын жывы[2].
Абапал вуліцы — руіны года. Толькі ўдалечыні, на плошчы Свабоды, бачныя цудам ацалелыя вежы кафедральнага касцёла і езуіцкага калегіума[2].
Пра кампазіцыю карціны беларускі мастак Павел Масленікаў у кнізе пра беларускі савецкі тэматычны жывапіс пісаў[2]:
«Усё паказанае ў карціне В. Волкава пабудавана на аснове класічнага прынцыпу нарастання малых трохвугольнікаў у асноўны трохвугольнік, у які ўпісваецца асноўнае дзеянне… Мастак вядзе гледача ад успрымання агульнага да дзелі, ад галоўнага да другараднага і зноў вяртае яго да „вузла“ кампазіцыі — цэнтральным выявам карціны».
-
Графічны накід да карціны. Другая палова 1940-х – першая палова 1950-х.
-
Графічны накід да карціны. 1947
-
Эцюд да карціны. Другая палова 1940-х
-
Эцюд да карціны. Другая палова 1940-х
-
Эцюд да карціны. Другая палова 1940-х
Гісторыя
Над палатном мастак пачаў працаваць адразу ж пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. У архівах захаваліся эскізы роспісу «3 ліпеня» для адной са сцен Дома ўрада, які не быў рэалізаваны[2].
З лістоў Волкава вядома, што працаваў ён над вялікафарматнай карцінай больш за 10 гадоў. Урад разлічваў, што мастак выканае карціну значна раней, максімум за год. Чыноўнікі ўвесь час прыспешвалі мастака, у майстэрню нават прыязджаў першы сакратар ЦК КПБ П. Панамарэнка. Але Волкаў настойваў, што ў такім сырым выглядзе не можа здаваць карціну[2].
Для гэтай працы мастаком было зроблена больш 220 падрыхтоўчых малюнкаў, 11 эскізаў кампазіцыі, каля 50 эцюдаў, больш за сто добра прапрацаваных, надзеленых індывідуальнай характарыстыкай фігур. Усе свае накіды Волкаў рабіў з натуры, з рэальных людзей. Мастаку пазіравалі суседзі, сваякі, вучні, калегі па цэху. Мастак шукаў прататыпы ў жыцці, тым больш што падзея яшчэ была свежай у памяці людзей Каб дасягнуць найбольшай праўдзівасці і пэўнасці, Волкаў дамагаўся партрэтнага падабенства з мадэлямі[2].
Волкаву пазіравалі мастакі Мікалай Назаранка, Уладзімір Хрусталёў, Міхаіл Даўгяла са сваёй сямігадовай дачкой Зояй Даўгяла (дзяўчынка з кветкамі), вучань мастака Васіль Яроменка. Дзяўчынка з кветкамі ў левым куце карціны — Ірына Глазава, пасля вайны стала мастачкай і выкладчыкам у мастацкім вучылішчы. Першапачаткова мастак намаляваў яе ў ліловай сукенцы, але на карціне дзяўчынка ўжо ў карычневай школьнай сукенцы з павязаным гальштукам. Таленавіты Валодзя Шыманскі, падлетак гадоў шаснаццаці на другім плане, загінуў у дзень вызвалення, ад бомбы, якая разарвалася каля Дома друку. На карціне ёсць і сын Волкава, Анатоль са сваёй жонкай (пара, якая працягвае кветкі танкістам), і дачка Ірына, якая пазіравала бацьку ўжо пасля вяртання з лагера, і апошняя з чатырох жонак мастака[2].
Чырвонаармейцаў мастак маляваў з салдатаў-франтавікоў, якіх яму прывозілі ў майстэрню з вайсковых часцей, якія дыслакаваліся пад Мінскам, але большасць засталіся невядомымі. Танк мастак маляваў у вайсковай часці ва Уруччы[2].
Экспанаванне
Упершыню палатно «Мінск. 3-га ліпеня 1944 г.» было выстаўлена на Рэспубліканскай выстаўцы ў Мінску ў 1953 годзе. Па заканчэнні выстаўкі мастак усё яшчэ дапрацоўваў свой твор да патрэбнай завершанасці. За карціну мастак атрымаў астранамічную суму ў 100 тысяч рублёў, з якіх 60 тысяч. пайло на даўгі перад мадэлямі, якія яму пазіравалі[2].
У 1955 годзе карціна была выстаўлена ў Маскве на Другой дэкадзе беларускай літаратуры і мастацтва. За ўнёсак у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва Валянцін Волкаў быў удастоены звання Народнага мастака БССР[2].
Праз некалькі гадоў пасля таго, як карціна была выстаўлена на маскоўскай выстаўцы, Волкаў пачаў пісаць паўтор карціны яшчэ большага памеру. Яна вісела ў яго майстэрні ва ўсю сцяну і была амаль уся прапісана, але пасля смерці мастака разам з многімі іншымі працамі бясследна знікла[2].
Да 1978 года палатно экспанавалася ў Дзяржаўным мастацкім музеі і Палацы мастацтваў. Затым карціна апынулася ў запасніках музея, праляжаўшы ў фондах у скручаным відзе амаль 30 гадоў. Толькі ў 2005 годзе палатно знялі з барабана. Карціну не патрабавалася рэстаўраваць, бо мастак старанна выконваў тэхналогію жывапісу, якую яму выкладалі ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, на ўсіх падрамніках ён запісваў рэцэпты грунтоў, лакаў. Палатно вярнулася ў пастаянную экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея[2].
Уплыў
У 2009 годзе амерыканскі мастак Сэндау Бірк[en] напісаў карціну «Вызваленне Багдада», на якой у сатырынай манеры паказана амерыканскае ўварванне ў Ірак.
Крыніцы