У сваім маёнтку Крыстынаў стварыў узорную гаспадарку, размясціўшы яе на асушаных балотах. Клапаціўся аб сваіх сялянах. Заснаваў школу для дзяцей рамеснікаў і сялян.
У самім Пінску Бутрымовіч пабудаваў палац у стылі класіцызму.
У 1788 — быў выбраны паслом на Вялікі Сойм у Варшаве. Уваходзіў у камісію па экзамінаванні скарбу ВКЛ, дэпутацыю экзамінавання справы аб абвінавачаных у бунтах. Выступаў за стварэнне ў Рэчы Паспалітай аўтаномнай праваслаўнай улады. Унёс на Сойм прапановы па паляпшэнні стану яўрэяў у Рэчы Паспалітай, пасля чаго стаў членам дэпутацыі па пытаннях яўрэяў[3]. Выступаў за перадачу адукацыі ў краіне ад Адукацыйнай камісіі да манаскіх ордэнаў. Прыхільнік Канстытуцыі 3 мая. Быў сябрам Згуртавання прыхільнікаў урадавай канстытуцыі[4].
Пасля 1792 звестак пра Бутрымовіча амаль няма. Вядома, што жыў на Піншчыне. Памёр у 1810 ці 1814 г.
Сям’я
Быў жанаты двойчы. З першай жонкай, Крыстынай Лях-Шырмай (Krystyna Lach-Szyrma), была дачка Юзэфа, якая стала жонкай Міхаіла Орды. Сынам пары, унук Мацея Бутрымовіча, быў Напалеон Орда.